Лк 14:15-24

15Адзін з тых, хто сядзеў разам з Езусам, сказаў Яму: «Шчаслівы, хто будзе есці хлеб ў Валадарстве Божым». 16А Ён сказаў яму: «Адзін чалавек наладжваў вялікую вячэру і паклікаў многіх. 17Калі настаў час вячэры, паслаў слугу свайго сказаць запрошаным: “Прыйдзіце, бо ўжо ўсё гатова”. 18І пачалі ўсе, як адзін, адгаворвацца. Першы сказаў яму: “Я купіў поле, і мне трэба пайсці паглядзець яго. Прашу цябе, прабач мне”. 19Другі сказаў: “Я купіў пяць пар валоў і іду выпрабаваць іх. Прашу цябе, прабач мне”. 20Іншы сказаў: “Я ажаніўся, і таму не магу прыйсці”. 21Вярнуўшыся, слуга расказаў пра гэта свайму гаспадару. Тады гаспадар дома разгневаўся і сказаў слугу свайму: “Ідзі хутчэй на вуліцы і завулкі горада і прывядзі сюды ўбогіх, калек, сляпых і кульгавых”. 22І сказаў слуга: “Пане, зроблена, як загадаў ты, і яшчэ ёсць месца”. 23Гаспадар сказаў слугу: “Ідзі да дарог і загарадзяў і прымушай прыйсці, каб напоўніўся мой дом. 24Бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных людзей не пакаштуе маёй вячэры”».