Лк 17:26-37

26Як было ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сына Чалавечага. 27Елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг. Прыйшоў патоп і знішчыў усіх. 28Таксама было і ў дні Лота. Елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі. 29Але ў дзень, калі Лот выйшаў з Садомы, праліліся з неба агонь і сера і знішчылі ўсіх. 30Так будзе ў дзень, калі з’явіцца Сын Чалавечы. 31У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы ягоныя ў доме, няхай не сыходзіць узяць іх. І хто будзе на полі, таксама няхай не вяртаецца назад. 32Узгадайце жонку Лота. 33Хто паспрабуе захаваць жыццё сваё, той загубіць яго, а хто загубіць яго, той ажывіць яго. 34Кажу вам: у тую ноч будуць двое на адной пасцелі: адзін будзе ўзяты, а другі застанецца. 35Дзве будуць малоць разам: адна будзе ўзята, а другая пакінута». (36) 37У адказ сказалі Яму: «Дзе, Пане?» А Ён сказаў ім: «Дзе мёртвае цела, там збяруцца і арлы».