Лк 19:1-10

1Увайшоўшы, Ён праходзіў праз Ерыхон. 2І вось, чалавек па імені Закхей, кіраўнік мытнікаў і багаты, 3стараўся ўбачыць Езуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малога росту. 4Забегшы наперад, ён залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там праходзіць. 5А калі Езус прыйшоў на гэтае месца, паглядзеў уверх і сказаў яму: «Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння Мне трэба быць у тваім доме». 6Той хутка спусціўся і прыняў Яго з радасцю. 7А ўсе, убачыўшы гэта, пачалі наракаць і казалі: «Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека». 8Закхей жа ўстаў і сказаў Пану: «Вось, палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш». 9Езус сказаў яму: «Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты, таму што і ён сын Абрагама. 10Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула».