Лк 4:16-30

16Калі прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, увайшоў паводле свайго звычаю ў шабат у сінагогу і падняўся, каб чытаць. 17Яму падалі кнігу прарока Ісаі. Разгарнуўшы кнігу, Ён трапіў на месца, дзе было напісана:

18«Дух Пана на Мне, бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім, паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным і сляпым вяртаць зрок, каб выпусціць спакутаваных на свабоду, 19каб абвясціць год ласкі Пана».

20Згарнуўшы кнігу, Ён аддаў яе слугу і сеў. А вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго. 21І Ён пачаў гаварыць ім: «Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі». 22Усе сведчылі Яму і здзіўляліся словам ласкі, якія выходзілі з вуснаў Ягоных, і казалі: «Ці ж не сын Юзафа гэта?» 23А Ён сказаў ім: «Напэўна, скажаце мне такую прыказку: “Лекар, вылечы самога сябе; зрабі і тут, у тваёй бацькаўшчыне тое, што, як мы чулі, сталася ў Кафарнауме”». 24І сказаў: «Сапраўды кажу вам: ніводнага прарока не прымаюць на бацькаўшчыне яго. 25Сапраўды кажу вам: шмат удоў было ў Ізраэлі ў дні Іллі, калі неба было зачынена тры гады і шэсць месяцаў, так што быў вялікі голад па ўсёй зямлі. 26І да ніводнай з іх не быў пасланы Ілля, а толькі да аўдавелай жанчыны ў Сарэпце Сідонскай. 27Шмат таксама было пракажоных у Ізраэлі ў часы прарока Елісея, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, апрача сірыйца Наамана». 28Пачуўшы гэта, усе ў сінагозе напоўніліся гневам 29і, устаўшы, выгналі Яго прэч з горада, і павялі на край гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго. 30Але Ён, прайшоўшы паміж імі, адышоў.