Лк 6:43-49

43Няма добрага дрэва, якое б прыносіла дрэнны плод, ці дрэннага дрэва, якое б прыносіла добры плод. 44Бо кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе; не збіраюць з церняў смоквы, а з куста ажын не збіраюць вінаграду. 45Добры чалавек выносіць з добрага скарбу сэрца дабро, а дрэнны чалавек з дрэннага сэрца выносіць зло, бо пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны ягоныя.

46Што вы клічаце Мяне: “Пане, Пане”, а не выконваеце таго, што Я кажу? 47Я пакажу вам, да каго падобны кожны, хто прыходзіць да Мяне, слухае Маё слова і выконвае яго. 48Ён падобны да чалавека, які, будуючы дом, глыбока выкапаў і заклаў падмурак на скале. Калі здарылася паводка, паток хлынуў на гэты дом, аднак не змог пахіснуць яго, таму што ён быў добра збудаваны. 49А той, хто слухае і не выконвае, падобны да чалавека, які збудаваў дом на зямлі без падмурка. Паток хлынуў на яго, і ён адразу абваліўся, і вялікае было падзенне гэтага дому».