Мк 12:18-27
18Прыйшлі да Езуса садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго: 19«Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі ў некага памрэ брат і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, яго брат павінен узяць ягоную жонку і абудзіць патомства для брата свайго. 20Было сем братоў. Першы ўзяў жонку і памёр, не пакінуўшы патомства. 21Тады ўзяў яе другі і таксама памёр, не пакінуўшы патомства. Падобна і трэці. 22І ніхто з семярых не пакінуў патомства. Пасля ўсіх памерла і жанчына. 23Пры ўваскрашэнні, калі яны ўваскрэснуць, каму з іх яна будзе жонкай? Бо ў семярых яна была жонкаю».
24Езус адказаў ім: «Ці не таму памыляецеся, што не ведаеце ні Пісання, ні моцы Божай? 25Бо калі ўваскрэснуць, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж, але будуць як анёлы ў нябёсах. 26 А наконт таго, што мёртвыя ўваскрэснуць, ці не чыталі вы ў кнізе Майсея, як Бог з цярновага куста прамаўляў да яго, кажучы: “Я Бог Абрагама, Бог Ісаака і Якуба”? 27Бог не ёсць Богам мёртвых, але жывых! Таму вы моцна памыляецеся».
“Copyright © 2021 National Council of Churches of Christ in the United States of America. Used by permission. All rights reserved worldwide.”