Мк 4:1-20
1Езус зноў пачаў навучаць каля мора. І сабралася каля Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў у ім на моры, а ўвесь народ быў на беразе каля мора. 2Ён шмат чаму навучаў іх у прыпавесцях і ў сваім павучанні казаў ім: 3«Слухайце. Вось выйшаў сейбіт сеяць. 4І калі сеяў, сталася так, што адно зерне ўпала пры дарозе. Прыляцелі птушкі і падзяўблі яго. 5Іншае ўпала на камяністае месца, дзе было мала зямлі, і адразу прарасло, бо зямля была неглыбокая. 6А калі ўзышло сонца, яно завяла, бо не мела карэння, і засохла. 7Іншае ўпала ў церні, і выраслі церні, і заглушылі яго так, што яно не прынесла плёну. 8Іншае ўпала на добрую глебу і прынесла плён, які ўзышоў і вырас. І адно ўрадзіла ў трыццаць, другое ў шэсцьдзясят, а іншае ў сто разоў». 9І сказаў: «Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
10А калі застаўся адзін, тыя, хто быў вакол Яго разам з Дванаццаццю, пыталіся ў Яго аб прыпавесці. 11І Ён сказаў ім: «Вам дадзена таямніца Божага Валадарства, а для тых, хто звонку, усё адбываецца ў прыпавесцях, 12каб яны глядзелі і не бачылі,
слухалі і не разумелі, каб не навярнуліся і каб не было адпушчана ім».
13І сказаў ім: «Не разумееце гэтай прыпавесці? А як жа зразумееце ўсе іншыя прыпавесці? 14Сейбіт сее слова. 15Пасеянае пры дарозе — гэта тыя, у якіх сеецца слова, але як толькі пачуюць яго, адразу прыходзіць сатана і забірае слова, пасеянае ў іх. 16Пасеянае на камяністых месцах — гэта тыя, хто, як толькі пачуе слова, адразу з радасцю прымае яго, 17але не мае ў сабе кораня і нясталы. Потым, калі за слова настане ўціск ці пераслед, адразу спакушаюцца. 18Іншае, пасеянае ў цернях, — гэта тыя, хто чуе слова, 19але турботы свету, зман багацця ды іншыя жаданні ўваходзяць у іх і заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным. 20А пасеянае на добрай глебе — гэта тыя, хто слухае слова, прымае яго і прыносіць плён: адзін у трыццаць, другі ў шэсцьдзясят, а іншы ў сто разоў».
“Copyright © 2021 National Council of Churches of Christ in the United States of America. Used by permission. All rights reserved worldwide.”