Мк 7:1-13

1Сышліся да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, якія прыйшлі з Ерузалема. 2І ўбачылі, як некаторыя вучні Яго елі хлеб нячыстымі, гэта значыць неабмытымі рукамі. 3Фарысеі ж і ўсе юдэі, трымаючыся традыцыі старэйшых, не ядуць, пакуль старанна не памыюць рук. 4І, вярнуўшыся з рынку, не ядуць, пакуль не абмыюцца. Ёсць і яшчэ шмат таго, чаго прынята трымацца: абмыцця чашаў, збаноў, медных начынняў і лаваў. ) 5Таму запыталіся ў Яго фарысеі і кніжнікі: «Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцыі старэйшых, а ядуць хлеб нячыстымі рукамі?» 6Ён адказаў ім: «Добра прарочыў Ісая наконт вас, крывадушных, як напісана:

“Гэты народ шануе Мяне вуснамі, а сэрца іх далёка ад Мяне.

7Але дарэмна ўшаноўваюць Мяне, навучаючы людскім запаведзям”.

8Бо вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі».

9І сказаў ім: «Прыгожа вы абыходзіце Божую запаведзь, каб захаваць сваю традыцыю. 10Бо Майсей сказаў: “Шануй бацьку свайго і маці сваю” і: “Хто зласловіць на бацьку ці маці, няхай будзе пакараны смерцю”. 11А вы кажаце: “Калі чалавек скажа бацьку ці маці: тое, чым бы я мог табе дапамагчы — корбан, што значыць дар для Бога”, 12то ўжо не дазваляеце яму зрабіць штосьці для бацькі ці маці. 13Вы парушаеце Божае слова вашай традыцыяй, якую перадалі. І робіце шмат чаго падобнага да гэтага».