Мк 9:14-29

14Калі Езус прыйшоў да вучняў, Ён убачыў каля іх вялікі натоўп і кніжнікаў, якія спрачаліся з імі. 15Адразу ўсе людзі, калі ўбачылі Яго, спалохаліся і, падбягаючы, віталі Яго. 16Ён спытаўся ў іх: «Пра што спрачаецеся з імі?» 17Адзін з натоўпу адказаў Яму: «Настаўнік, я прывёў да Цябе свайго сына, які мае духа нематы. 18Дзе ні схопіць яго, кідае, і той пускае пену, скрыгоча зубамі і дранцвее. Я сказаў тваім вучням, каб выгналі яго, але яны не змаглі». 19Адказваючы, Езус сказаў ім: «О пакаленне нявернае, дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне». 20Тады прывялі яго да Езуса. А калі дух убачыў Яго, адразу скалануў хлопца, і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пускаючы пену. 21Езус спытаўся ў ягонага бацькі: «Як даўно гэта здараецца з ім?» Той адказаў: «З дзяцінства. 22Дух часта кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб загубіць яго. Але калі Ты што можаш, змілуйся над намі і дапамажы нам». 23Езус сказаў яму: «”Калі можаш!” Усё магчыма для таго, хто верыць». 24Бацька хлопца адразу ўсклікнуў, кажучы: «Веру, памажы майму бязвер’ю». 25Убачыўшы, што збягаюцца людзі, Езус прыгразіў нячыстаму духу, кажучы яму: «Нямы і глухі дух, Я загадваю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго». 26І той, закрычаўшы, моцна скалануў хлопца і выйшаў. А хлопец зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі: «Ён памёр!» 27Але Езус узяў яго за руку, падняў, і ён устаў. 28Калі Езус увайшоў у дом, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго сам-насам: «Чаму мы не змаглі выгнаць яго?» 29А Ён сказаў ім: «Такога духа нельга выгнаць нічым, як толькі малітвай».