Мц 2:1-12

1Калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Ірада, прыбылі ў Ерузалем мудрацы з усходу, 2кажучы: «Дзе народжаны Кароль юдэйскі? Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму». 3Пачуўшы гэта, кароль Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерузалем з ім. 4Ён сабраў усіх першасвятароў і кніжнікаў народу і пытаўся ў іх, дзе мае нарадзіцца Хрыстус. 5Яны сказалі яму: «У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісана прарокам:

6“І ты, Бэтлеем, зямля Юды, нічым не меншы сярод гарадоў Юды, бо з цябе выйдзе Правадыр, які будзе пасвіць народ Мой, Ізраэля”».

7Тады Ірад, патаемна паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх пра час з’яўлення зоркі. 8Паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: «Ідзіце і дакладна разведайце пра Дзіця; калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму». 9Яны ж, выслухаўшы караля, пайшлі. А зорка, якую бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не спынілася над месцам, дзе было Дзіця. 10Убачыўшы зорку, яны вельмі ўзрадаваліся. 11Калі ўвайшлі ў дом, убачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго. Упаўшы, пакланіліся Яму і, адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і міра. 12Атрымаўшы ў сне наказ не вяртацца да Ірада, адышлі ў сваю краіну іншай дарогай.