Мц 7:21-29

21Не кожны, хто кажа Мне: “Пане, Пане”, увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах. 22Многія скажуць Мне ў той дзень: “Пане, Пане, ці не ад Твайго імя мы прарочылі, і ці не Тваім імем выганялі злых духаў, і ці не Тваім імем многія цуды чынілі?” 23І тады скажу ім: “Я ніколі не ведаў вас, адыдзіце ад Мяне вы, што чыніце беззаконне”.

24Таму кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, будзе падобны да чалавека разумнага, які пабудаваў свой дом на скале. 25 Пайшоў дождж, разліліся рэкі, падзьмулі вятры і ўдарылі ў дом той, а ён не ўпаў, бо пастаўлены быў на скале. 26Кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, будзе падобны да неразумнага чалавека, які пабудаваў свой дом на пяску. 27Пайшоў дождж, разліліся рэкі, падзьмулі вятры і ўдарылі ў дом той; і ён упаў, і падзенне яго было вялікае».

28Калі Езус скончыў гаварыць, здзіўляліся людзі вучэнню Ягонаму, 29бо Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі.