Ян 10:22-30

22Настала тады ў Ерузалеме свята Пасвячэння святыні. Была зіма, 23і Езус хадзіў у святыні па портыку Саламона. 24Абступілі Яго юдэі і казалі Яму: «Дакуль будзеш трымаць нас у няпэўнасці? Калі Ты Месія, скажы нам адкрыта!» 25Езус адказаў ім: «Я сказаў вам, і вы не верыце. Справы, якія Я чыню ў імя Айца Майго, сведчаць пра Мяне. 26Але вы не верыце, бо вы не з Маіх авечак. 27Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною. 28Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, ніхто не вырве іх з рукі Маёй. 29Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсіх. І ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца. 30Я і Айцец — адно».