Ян 15:1-8

1Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар. 2Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, Ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. 3Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам. 4Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне. 5Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. 6Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. Іх збіраюць і кідаюць у агонь, і яны згараюць. 7Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам. 8Гэтым будзе ўслаўлены Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі.