Ян 2:1-11

1А на трэці дзень было вяселле ў Кане Галілейскай, і Маці Езуса была там. 2Быў запрошаны на вяселле таксама Езус і вучні Ягоныя. 3Калі скончылася віно, Маці Езуса сказала Яму: «Не маюць віна». 4Адказаў Ёй Езус: «Ці гэта Мая або Твая справа, жанчына? Яшчэ не прыйшла гадзіна Мая». 5Маці Яго сказала слугам: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце». 6Было ж там шэсць каменных збаноў, пастаўленых для юдэйскага ачышчэння, якія змяшчалі дзве або тры меры. 7Сказаў ім Езус: «Напоўніце збаны вадою». І напоўнілі іх аж даверху. 8І кажа ім: «Цяпер чэрпайце і нясіце кіраўніку вяселля». І яны занеслі. 9Калі ж кіраўнік вяселля пакаштаваў вады, што стала віном (а ён не ведаў, адкуль яно, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі ваду), паклікаў жаніха 10і сказаў яму: «Кожны чалавек падае спачатку добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае. Ты ж збярог добрае віно аж дагэтуль». 11Такі пачатак знакаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і паказаў славу сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя.