Ян 6:22-29

22На наступны дзень натоўп, які заставаўся на другім беразе мора, заўважыў, што там быў толькі адзін човен і што Езус не сядаў у човен разам з вучнямі, а яны адплылі адны. 23Таксама іншыя чаўны прыплылі з Тыберыяды непадалёк ад таго месца, дзе спажывалі хлеб, калі Пан узнёс падзяку. 24Калі натоўп убачыў, што там няма ні Езуса, ні вучняў Ягоных, селі ў чаўны і прыплылі ў Кафарнаум, шукаючы Езуса.

25 Калі ж знайшлі Яго на другім беразе мора, сказалі Яму: «Раббі, калі Ты прыбыў сюды?» 26Езус адказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: шукаеце Мяне не таму, што бачылі знакі, а таму, што з’елі хлеб і насыціліся. 27Дбайце не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы, бо Яго пазначыў Бог Айцец!» 28А яны сказалі Яму: «Што нам рабіць, каб выконваць справы Божыя?» 29Езус адказаў ім: «У тым справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго Ён паслаў».