Удзячнасць за харчовыя рэсурсы
Мы марнуем шмат ежы.
Мы купляем зашмат.
Нас зачароўваюць такія зніжкі, як «3 па цане 2».
Папа Францішак пра марнаванне ежы:
«Нашы бабулі і дзядулі некалі настойвалі на тым, каб не выкідваць рэшткі ежы. Спажывецтва прызвычаіла нас штодня марнаваць ежу, і мы ўжо няздольныя бачыць яе сапраўдную каштоўнасць… Выкідваць ежу — гэта як красці са стала бедных і галодных: паводле звестак агенцтва ААН па харчаванні, штогод псуецца або марнуецца каля 1,3 мільярда метрычных тон (1,43 мільярда тон) ежы, або траціна таго, што вырабляецца для спажывання чалавекам».
На ўзор Езуса, Папа Францішак завастрыў мову, каб падкрэсліць сваю думку. Ён нагадаў пра тое, чаго мы не хочам чуць. Марнуючы ежу, мы не паважаем тое, што дае нам зямля. Клопат пра зямлю — гэта не толькі экалагічны падыход, але і забяспячэнне справядлівага размеркавання рэсурсаў Зямлі і ўдзячнасць за тое, што яна нам дае.
Donal Neary SJ, The Sacred Heart Messenger, September 2022
Чытаць далей
Дапамагаем адно аднаму і клапоцімся пра наш агульны дом
Варта даследаваць багацце абранага Папам тэрміна для Зямлі-маці: наш супольны дом. Слова «дом» абуджае цэлы свет успамінаў і эмоцый. Калі ў вас было шчаслівае дзяцінства, дом — гэта месца, да якога захоўваецца велізарная прыхільнасць: яно лучыць добрыя адносіны і асаблівасці месца, дзе пачалося вашае жыццё. Як казаў Элвіс Прэслі, дом там, дзе сэрца. Гэта перагукаецца з прымаўкай: «Памяшканне будуецца рукамі, але дом можна пабудаваць толькі сэрцам».
Папа кажа:
Наш супольны дом – гэта як сястра, з якой мы разам існуём, і як прыгожая маці, якая бярэ нас у абдымкі (Laudato Si’, 1).
Цяжка ўявіць сабе больш кранальную назву для свету, чым «наш супольны дом». «У сярэдзіне мінулага стагоддзя, пасля пераадолення шматлікіх цяжкасцяў, з’явілася тэндэнцыя разумення зямлі як айчыны, а чалавецтва як народу, які насяляе супольны дом» (Laudato Si, 164).
Мы павінны зноў адкрыць тое, што цешыла сэрцы нашых продкаў — глыбокае і поўнае любові пачуццё сувязі з планетай Зямля і ўсімі яе жыхарамі. У дзяцінстве мы жылі, магчыма, у невялікім доме; цяпер мы дзелім адну планету, і, як святы Францішак Асізскі ў свой час, мы адказваем за яе абарону і аднаўленне.
Brian Grogan SJ, Finding God in a Leaf: The Mysticism of Laudato Si’
Чытаць далей
Асвоіцца ў свеце Бібліі
І ў смутку, і ў сумневах мы можам з даверам звярнуцца да Бібліі. Адкрыўшы яе і ўчытаўшыся ў пэўныя вершы, мы фактычна ствараем сваю асабістую мапу пакояў, дзе адчуваем сябе як дома з Богам і з сабой. Гэтыя пакоі становяцца нашым домам. Мы можам наведваць іх, пачынаючы дзень, або ціха адпачываць у іх вечарам. Гэтыя вершы становяцца месцамі, дзе мы ўкараняемся і расцём, як пладаноснае дрэва з першага псальма, «лісце якога не вяне».
Пісанні нагадваюць нам, што мы ніколі не прыходзім дадому ў самоце! Божае слова — гэта запрашэнне да размовы, вербальнай ці бязмоўнай. Часта гэтая размова прывядзе ў кампанію людзей з біблійных гісторый.
Асвойванне ў Божым слове дазваляе быць у адзіноце, калі гэта нам патрэбна. Але таксама дае цікавую кампанію людзей, якія могуць суцешыць нас у смутку і патурбаваць нас, калі нам занадта камфортна.
Alan Hilliard, The Sacred Heart Messenger
Чытаць далей
Адшуканне шчасця праз духоўнасць
Людзі прагнуць шчасця. Часам мы шукаем яго не ў тых месцах, і таму адчуваем сябе больш няшчаснымі, чым у пачатку пошукаў. Часам менавіта гэты неабдуманы выбар спараджае яшчэ глыбейшую асабістую і супольную няшчаснасць. Гэтае рэчыва на адпачынку мне не пашкодзіць. Гэта проста трохі задавальнення. Усё добра, я спакойна сяду за руль. Чалавечы вопыт пацвярджае, што найбольшае шчасце нам прыносіць спачуванне і шчодрасць, якія мы выяўляем у розных звычайных жыццёвых абставінах, праз усе тыя «маленькія, безыменныя, забытыя ўчынкі / Дабрыні і любові» (William Wordsworth, ‘Tintern Abbey’), якія звычайна запаўняюць большую частку нашага дня. Уважлівасць да іншых спрыяе задавальненню і спакою, што, у сваю чаргу, умацоўвае нас, каб мы цешыліся радаснымі хвлінамі і давалі рады са смутнымі. Безадказныя стымулы часам выдаюць сябе за шчасце. Аднак яны звычайна павярхоўныя і мімалётныя, пакідаюць паслясмак пусткі. Шчасце — гэта спакой і задавальненне, якія дапамагаюць нам адказна трымацца добрага курсу. Павярхоўныя пачуцці ўздыму хутка праходзяць. Развіццё здаровай духоўнасці дапаможа нам знайсці трывалы спакой, бо шлях да спакою ляжыць праз рэфлексіўнае жыццё і навучанне на ўласным досведзе таму, што значыць быць сапраўдным чалавекам. Калі няма навыку хаця б мінімальнай рэфлексіі, мы жывём павярхоўна і не дасягаем глыбіні.
Jim Maher SJ, Reimagining Religion: A Jesuit Vision
Чытаць далей
Цуд Сусвету
«Мудрацы» таксама вядомыя як магі, ад грэчаскага слова magos , якое можна перакласці як астраном, чарадзей або празорца. Тэрмін «мудрацы» адносіўся да групы персідскіх або вавілонскіх святароў, якія вывучалі зоркі і планеты, каб спасцігнуць сэнс касмічных падзей. У апошнія гады ўзнікла шмат тэорый, якія тлумачаць феномен зоркі, за якой мудрацы ішлі ў Бэтлеем, ад каметы Галея (якая была бачная каля 12 г. да н.э.), да новай зоркі, да выраўноўвання між Юпітэрам і Сатурнам. Вучоныя пастаянна даведваюцца больш пра Сусвет, пра зоркі, планеты і галактыкі. Калі б мы паднеслі найменшую манету да часткі начнога неба, плошча, якую яна пакрывае, магла б утрымліваць святло ад мільёнаў і мільёнаў зорак, многіх з якіх ужо не існуе. У 2003–2004 гадах тэлескоп «Хабл», які знаходзіцца на арбіце вакол Зямлі, сфатаграфаваў такі кавалак неба. Звышглыбокае поле космасу Хабла — гэта выява невялікай вобласці космасу ў сузор’і Печы, якая змяшчае каля 10 000 галактык, кожная з якіх утрымлівае 100 000 мільёнаў зорак, падобных да нашага Сонца. Велізарнасць нашага Сусвету занадта вялікаядля нашага ўспрымання.
Мы верым у Бога, які даў усяму існаванне з моманту стварэння, калі пачаўся наш Сусвет. Цудоўнае святло на небе прывяло мудрацоў да Святла свету, надзеі чалавецтва. Гэта тое, што варта святкаваць.
Tríona Doherty and Jane Mellett, The Deep End: A Journey with the Sunday Gospels in the Year of Mark
Чытаць далей
Быць побач з людзьмі і Богам
Мяне часта ўражвае тое, як людзі вітаюць адзін аднаго перад пачаткам Імшы. Яскрава бачна, што яны рады бачыць адны другіх, а калі кагосьці няма, іншыя пытаюцца пра яго і цікавяцца, як у яго справы. Тое, як мы вітаем людзей і ставімся да іх, можа прынесці ім благаслаўленне.
Прыйшоўшы ў горную краіну Юды, Марыя, як нам кажа евангеліст, прывітала Альжбету, і пасля прывітання Марыі яна напоўнілася Святым Духам. Было б цудоўна, калі б мы ўсе маглі вітаць людзей так, каб яны напаўняліся Святым Духам. Прывітанне Марыі было не толькі крыніцай благаслаўлення для яе самой, але і вітанне Альжбеты было крыніцай благаслаўлення для Марыі.
Вітаючы Марыю, Альжбета абвяшчае Яе самай благаслаўлёнай з усіх жанчын з-за Дзіцяці, якое Яна насіла ў сваім улонні, а таксама таму, што Яна паверыла абяцанню, якое Пан даў праз анёла Габрыэля.
Гэта была сустрэча дзвюх жанчын, якая наблізіла іх да Пана. Прыклад для ўсіх нас. Нашае пакліканне — быць побач з іншымі, вітаць іншых такім чынам, каб яны былі бліжэй да Пана і стваралі ў сэрцы месца для Яго прабывання, каб Ён мог паўней жыць у іх.
Martin Hogan, The Word is Near You, on Your Lips and in Your Heart
Чытаць далей
Дасягаючы церпячых
Калісьці я быў шчаслівым уладальнікам мапеда, майго эканамічнага транспарту для працы ў дублінскай бальніцы. Адным цудоўным днём я, як звычайна, паехаз на працу. Потым нябёсы расчыніліся, і на сухі асфальт абрынулася залева — падступная камбінацыя. Калі я ўехаў на галоўную кальцавую развязку, байк занесла, і мяне выкінула з дарогі. Пакуль я ляжаў ніцма на зямлі і не мог рухацца, пад’ехала машына. З яе выйшлі два лекары, агледзелі мяне і выклікалі хуткую дапамогу. Было няёмка прыехаць у аддзяленне неадкладнай дапамогі на маім працоўным месцы і расказваць пра тое, што здарылася. Аднак да мяне ставіліся з найвышэйшай ветлівасцю і клопатам, і я быў сведкам таго, як такое ж спачуванне выяўлялася да ўсіх вакол мяне. На шчасце, я не атрымаў сур’ёзных траўмаў і быў выпісаны пазней у той жа дзень, удзячны за тое, што застаўся жывы.
Праз некалькі гадоў я прыехаў на месца аварыі ў Лондане. Малады дастаўшчык піцы ляжаў ля свайго матацыкла. Ён не размаўляў па-англійску і відавочна пакутваў ад болю. Я спрабаваў суцешыць яго, пакуль мы чакалі хуткую дапамогу. Калі фельчары парэкамендавалі шпіталізацыю, ён устаў і, хістаючыся, пайшоў, пакінуўшы свой матацыкл на ўзбочыне дарогі. Я падазраваў, што ён, магчыма, быў нелегальным работнікам і баяўся страціць працу або быць дэпартаваным. Маё сэрца балела за яго.
Мы сустракаем шмат знясіленых людзей, зламаных цяжкімі перажываннямі. Некаторыя церпяць вялікі фізічны боль, а жыццё іншых пазбаўлена радасці праз цемру смутку і гора страты. Эканамічныя цяжкасці і палітычныя хваляванні разбураюць супакой ва ўсім свеце. Мы ўкладаем свае рукі ў праслаўленыя рукі Езуса, каб, умацаваныя Яго ласкай, мы маглі працягнуць руку сяброўства ўсім церпячым.
Sr Siobhan O’Keeffe, The Sacred Heart Messenger, January 2023

Бог заўсёды ёсць
Я памятаю, як падчас каранціна з-за COVID-19 я наведваў пажылую жанчыну, якая жыла адна. Яна падключалася да трансляцыі святой Імшы праз ноўтбук унучкі. Па баках манітора яна запальвала дзве свечкі, а ў вазе ставіла некалькі кветак, каб ушанаваць прысутнасць Пана ў сваім доме і сэрцы, як сама казала. Яе глыбокая вера мяне надзвычай кранула.
Гэты ўспамін прыгадаў мне цяпер, што прысутнасць Пана знаходзіцца ў цэнтры ўсіх нашых слоў, малітвы і сведчання. Яго прысутнасць захоўваецца за заслонай нашых трывог, змаганняў і падазрэнняў. Пан проста і глыбока прысутнічае тут, для нас і з намі, як і абяцаў – да канца часоў. Нічога каштоўнага не адбываецца ў Касцёле, калі не пачынаецца з таго, што мы бачым Пана сярод нас – бачым Яго церпячым, бачым, як Ён перамяняе ўсе нашыя чалавечыя дылемы.
Пан кажа нам:
“Калі вы не ведаеце, чаму гэта важна,
Шукайце таго, хто гэта робіць,
дзіця, жабрака, забытага ўсімі чалавека.
Вучыцеся ў іх.
Будзеце вучыцца ў Мяне.
Знойдзеце жыццёвую місію.
Знойдзеце спакой для душы.
Сядайце і ешце”.
John Cullen, The Sacred Heart Messenger, September 2023
Чытаць далей
Як мы молімся
Адносіны з Богам ахопліваюць усё нашае жыццё, але асаблівым чынам увасабляюцца ў малітве. Па меры таго, як адбываюцца змены ў нашым стаўленні да саміх сябе, змяняецца і тое, як мы ставімся да Бога. Адчуванне Божай любові можа прывесці да зменаў у адносінах з Богам і, у сваю чаргу, да зменаў у малітве і самасвядомасці.
Калі зменіцца наша ўяўленне пра сябе, то зменіцца і ўяўленне пра Бога, а таксама і наша малітва; у выніку, мы будзем па-іншаму ставіцца да іншых людзей. Усе гэтыя элементы ўзаемазвязаны і ўплываюць адзін на аднаго. Увага да падзей унутранага жыцця спрыяе руху ў адказ на дзеянні Пана. Рэалістычная малітва, спалучаная з жыццём, дапаможа адчыніць дзверы да зменаў або зразумець, што замінае ім адбыцца. Яна адцягне ўвагу ад нас саміх і ад таго, якімі мы павінны быць , або якім нам трэба быць у малітве і ў жыцці. Вядома, неабходны час, калі мы хочам пазбавіцца ад меркавання, што калі-небудзь «я зраблю ўсё правільна». Важна прызнаць сваю патрэбу ў Богу, каб дазволіць Яму весці нас.
Прамовіць малітву — гэта не тое ж самае, што маліцца. З часам Божыя жаданні могуць займаць больш значнае месца ў малітве, пры гэтым увага да «я» памяншаецца. Прынясенне рэальных жыццёвых праблем у малітву адкрывае магчымасць для перамен ва ўсіх адносінах — з самім сабой, Богам і іншымі. Заўважаючы змены ў тым, як мы ўспрымаем Бога, або ў нашым успрыманні сябе як створаных па вобразу Божаму, або ў самой малітве, мы запрошаны наладзіць сувязь паміж імі. Тады адкрыюцца больш шырокія перспектывы гэтых адносін і багацце, якое яны ўтрымліваюць. Сувязь паміж малітвай і жыццём становіцца больш відавочнай.
Michael Drennan SJ, See God Act: The Ministry of Spiritual Direction

Прырода як “зямля святая”
Сады адкрываюць бясконцыя магчымасці для містыкаў-пачаткоўцаў! У садах бяспечна, гэта месцы жыцця, поўныя хараства. Дзе ёсць сад, там будзе вада і жывыя істоты з іх разнастайнай прыгажосцю. Чарльз Дарвін, хоць яго і памятаюць як вялікага прыхільніка эвалюцыі, лічыў сябе ў першую чаргу назіральнікам прыроднага свету. Ён правёў большую частку свайго жыцця, разважаючы пра самыя простыя рэчы, і ў канцы сваёй вялікай працы «Паходжанне відаў», адзначыў: «Цікава сузіраць зарослы бераг…». Той сціплы бераг, які ён вывучаў: з мноствам раслін, з птушыным спевам, дзе ў паветры лёталі насякомыя, а па вільготнай зямлі поўзалі чарвячкі – усё гэта прывяло яго да высновы, што “гэтыя складаныя формы, такія розныя між сабой і залежныя адна ад адной… усе яны былі створаны законамі, якія дзейнічаюць вакол нас».
Знайдзіце ж свой зарослы бераг, сузірайце яго, паразважайце над яго доўгай гісторыяй і над тым, што ён спрабуе вам сказаць. Няхай гэта будзе вашай “святой зямлёй”, дзе вы палюбіце прыродны свет і яго Стварыцеля. Няхай габелен жыцця ажыве пад вашым позіркам. Магчыма, вы ўсклікнеце, як Дарвін: «Сёння быў такі цудоўны дзень, быццам адкрыліся вочы сляпому».
Brian Grogan SJ, Finding God in a Leaf: The Mysticism of Laudato Si’
