Пра сайт “Прастора малітвы”
Крыніцай натхнення для “Прасторы малітвы” з’яўляецца духоўнасць св.Ігнацыя Лаёлы, які належаў да народа баскаў і жыў у 16 стагоддзі, заснавальніка Таварыства Езуса (езуітаў). Яго пазнанне Божага дзеяння ўнутры чалавечага сэрца, запісанае ў кнізе «Духоўных Практыкаванняў» і перададзенае яго духоўным сынам, дапамагло мноству людзей на працягу стагоддзяў, і яно не перастае быць патрэбным і сёння.
Sacred Space (‘Прастора Малітвы’) – гэта праект ірландскай правінцыі Таварыства Езуса. Сайт паўстаў у сценах інфармацыйнага цэнтра езуітаў у Ірландыі ў 1999 г. За кароткі час ён стаў шматмоўным. Пакрысе праект перарос у глабальнае інтэрнэт-апостальства для штодзённай малітвы.
Гэта можа здацца дзіўным – маліцца за камп’ютарам, седзячы за маніторам або выкарыстоўваючы смартфон, асабліва калі вакол знаходзяцца іншыя людзі, калі занадта шумна і г.д. Але Бог прысутнічае паўсюль, ахінае нас з усіх бакоў, няспынна спрабуючы дасягнуць сэрца, нават у сітуацыях, калі Яго прысутнасць здаецца малаверагоднай. Калі мы разумеем гэта, то патрэбна толькі крыху практыкі, і ў нас атрымаецца маліцца ўсюды!
Старонкі сайта будуць суправаджаць вас падчас штодзённай малітвы на працягу шасці этапаў, сярод якіх як падрыхтоўка цела і розуму, так і завяршальны роздум над урыўкам з Пісання, абраным спецыяльна для гэтага дня. Этапы наступныя:
Божая прысутнасць
Свабода
Усведамленне
Слова Божае
Размова
Заканчэнне
Варта адзначыць, што мы прытрымліваемся ірландскага літургічнага календара, які часам можа адрознівацца ад літургічных календароў, якія выкарыстоўваюцца ў іншых краінах. Мы спадзяемся, што ў будучыні мы прапануем выбар літургічных календароў у залежнасці ад вашага месцазнаходжання, патрэбаў і прэферэнцый.
Яшчэ адзін рэсурс, які вы можаце выкарыстоўваць, гэта нашая старонка Living Space. Тут вы знойдзеце каментарыі да штодзённых і нядзельных чытанняў на працягу ўсяго касцёльнага года. Першапачаткова гэта была праца айца Фрэнка Дойла SJ, які памёр у 2011 годзе. Існуючыя каментарыі працягваюць рэдагавацца і абнаўляцца, але новыя каментарыі зараз не публікуюцца, і час ад часу здараецца дзень, калі каментарыі недасяжныя. Магчыма таксама пошук у калекцыі Living Space collection разважанняў да асобных чытанняў са Святога Пісання і ўспамінаў святых. Змест таксама можна шукаць па Евангеллях (Мацвея, Марка, Лукі і Яна), па нядзелях года або па святых па месяцах. Яшчэ раз звяртаем вашую ўвагу, што сайт знаходзіцца ў стадыі абнаўлення і праверкі функцыянальнасці.
Кожны месяц Папа давярае малітоўную інтэнцыю сваёй Сусветнай малітоўнай сеткі, Апостальству малітвы. Інтэнцыі адлюстроўваюць клопат Папы пра чалавецтва і місію Касцёла, а на нашым сайце яны прадстаўлены разам з ранішняй і вячэрняй малітвай. Калі ласка, наведайце старонку Апостальства малітвы, калі хочаце далучыцца да іншых вернікаў у малітве ў інтэнцыі Папы.
Кожны тыдзень мы змяшчаем на нашай галоўнай старонцы тэкст Для разважання і малітвы на гэтым тыдні. Звычайна гэта ўрыўкі з кніг пра духоўнасць св. Ігнацыя, а таксама разважанні розных аўтараў, якія пішуць пра ігнацыянскую духоўнасць. Мы спадзяемся, што гэтыя тэксты стануць для вас крыніцай падтрымкі і натхнення.
Калі казаць пра кнігі, кожны год мы выдаем Sacred Space Prayer Book, так званы Малітоўнік , які змяшчае ўсе штодзённыя евангельскія чытанні разам з разважаннямі для натхнення, якія іх суправаджаюць. Некаторыя людзі лічаць друкаваны фармат больш даступным для выкарыстання ў малітве. Для асаблівых перыядаў літургічнага года, такіх як Вялікі пост, Адвэнт, мы імкнёмся прапанаваць дадатковыя разважанні. Усе іншыя кнігі можна знайсці на англамоўнай старонцы Sacred Space books.
Прыкладанні
Англамоўны дадатак для смартфона: Sacred Space Apps
Святы Ігнацый Лаёла
Святы Ігнацый, (Ignacio de Loyola) нарадзіўся ў 1491 г. у радавым замку ў іспанскай краіне баскаў. Ён стаў заснавальнікам ордэна езуітаў і на ягонай –ігнацыянскай – духоўнасці грунтуецца гэты сайт. Больш пра св. Ігнацыя Лаёлу
Навэнны і рэкалекцыі
Анлайн рэкалекцыі з разважаннямі можна знайсці па спасылцы: Рэкалекцыі
Мы таксама час ад часу прапануем навэнны, каб падтрымаць вас у малітоўным жыцці, і вы можаце іх знайсці, калі яны даступныя, на гэтай старонцы: Навэнны
Навэнна – гэта форма малітвы, якая ахоплівае 9 дзён, у асаблівых інтэнцыях і просьбах.
Чым вы можаце нам дапамагчы
Калі вы адчуваеце, што карыстанне сайтам вам прынесла карысць, і хочаце выказаць сваю ўдзячнасць, то можаце зрабіць фінансавы ўнёсак у пакрыццё нашых бягучых выдаткаў. Ваша дапамога вельмі вітаецца. Ахвяраванні вельмі важныя для нас у падтрыманні якасці і стабільнасці нашых паслуг. Нягледзячы на тое, што мы ў значнай ступені абапіраемся на працу валанцёраў, ахвяраванні дапамагаюць нам пакрыць бягучыя выдаткі на распрацоўку, пераклад, рэдагаванне, адміністраванне і пашырэнне Sacred Space. Мы прымаем ахвяраванні рознымі спосабамі і ў розных валютах. Вы можаце зрабіць ахвяраванне з дапамогай крэдытнай карты / PayPal. У вас таксама ёсць магчымасць адправіць нам чэк або зрабіць банкаўскі перавод.
Не ўся дапамога, якая нам патрэбна, з’яўляецца фінансавай – ёсць іншыя каштоўныя спосабы, якімі вы можаце дапамагчы і падтрымаць нашу працу:
Раскажыце сваім сябрам пра “Прастору малітвы”
Асабісты аповед застаецца найбольш эфектыўным спосабам распаўсюджвання навін аб “Прасторы малітвы”. Рэкамендацыя ад надзейнага сябра па-ранейшаму мае вялікае значэнне, дык чаму б не расказаць сваім сябрам пра “Прастору малітвы”, каб яны таксама маглі далучыцца да нас анлайн. Калі ласка, не саромейцеся згадваць нас у парафіяльных інфармацыйных бюлетэнях, у блогах, у перапісках і сацыяльных сетках.
Ёсць англамоўная рассылка пад назвай Latest Space, на якую можна падпісацца тут, каб быць у курсе таго, што адбываецца ў Sacred Space. Рассылаецца 4 разы на год: Вялікі пост, Вялікдзень, лета (свята св. Ігнацыя Лаёлы ) і Адвэнт. Можна перасылаць гэты бюлетэнь іншым, калі, на вашу думку, ён можа быць цікавы.
Калі вы карыстаецеся сацыяльнымі сеткамі, вам стане яшчэ прасцей данесці інфармацыю і паведаміць сваім сябрам пра “Прастору малітвы”. Сачыце за намі ў Facebook,Twitter, Instagram and Viber і падзяліцеся сваім асабістым досведам малітвы з сябрамі.
Маліцеся!
Адзін з самых важных спосабаў падтрымаць нас – гэта сіла вашай штодзённай малітвы. Сайт “Прастора малітвы” існуе, каб дапамагчы людзям прыйсці да асабістай сустрэчы з Езусам праз штодзённы час малітвы. Будзем прасіць Пана, каб усё больш і больш людзей пазнавалі любоў і прысутнасць Бога ў жыцці, ці то праз “Прастору малітвы”, ці то з дапамогай іншых спосабаў і інструментаў. Мы молімся, каб Бог выкарыстоўваў нас, каб несці любоў у Хрысце да ўсіх, хто вакол нас.