Адкрыцца на ласку пазнання боскасці і чалавечнасці Хрыста
Гара Табор – гэта месца, дзе Пётр, Якуб і Ян убачылі Езуса ў ззянні Яго славы. Яны ўбачылі боскасць, схаваную за чалавечнасцю. Гэты дзень – світанак веры апосталаў у Езуса, Божага Сына, у Яго боскае жыццё. У сваёй чалавечнасці і поўнай тоеснасці Ён – вобраз Бога. Яны ведалі Яго як чалавека. А потым пачулі голас, які сказаў: «Гэта Сын Мой умілаваны» (Мц 17, 5).
Гэты голас ужо гаварыў раней: падчас хросту Езуса. Але тады яго чуў толькі Езус. Цяпер Езус адкрываецца сваім вучням як Сын Божы. «Гэта Сын Мой умілаваны». Цікава, што адбываецца далей: Бог кажа наўпрост – «Яго слухайце». Слуханне слова Божага з’яўляецца адной з найважнейшых ласк, якую можа атрымаць хрысціянін. На Імшы мы схіляемся перад месцам, дзе абвяшчаецца Слова – гэта Хрыстус, які прамаўляе ў чытанні Слова, – як мы схіляемся перад хлебам і віном на алтары. У Божым слове і Сакрамэнце Езус гаворыць і прысутнічае ў Касцёле.
Езус таксама казаў пра будучыню, даючы апосталам зразумець, што гэты дзень яны ацэняць толькі тады, калі Ён уваскрэсне з мёртвых. Тады яны зразумеюць поўны сэнс Перамянення і змогуць паразважаць, што азначае «ўваскрэснуць з мёртвых».
Пётр, Якуб і Ян запомнілі гэты дзень назаўжды. Насамрэч, Пётр пісаў пра гэтую падзею ў сваім першым пасланні. Мы можам адкрыцца ласцы пазнання боскасці і чалавечнасці Хрыста і паверыць усім сэрцам, што аднойчы мы пераменімся, каб нашыя смяротныя целы сталі падобнымі да Ягонага.
Donal Neary SJ, The Sacred Heart Messenger, August 2024