Бог дае сілу сказаць “так”

Казаць Богу “так” з’яўляецца істотнай часткай нашых адносінаў з Ім; гэта нашая свабода сказаць “не”. Я азіраюся назад і выразна бачу, як шмат разоў у сваім жыцці казаў “не” (нават калі не разумеў гэтага як адмову Яму). Дзякуй Богу, я таксама магу ўспомніць некалькі выпадкаў, калі казаў “так”. Згода на Божыя прапановы дазваляе нам быць жывой прысутнасцю любові, радасці і міласэрнасці ў гэтым свеце. Нашае “так” заўсёды вядзе да любові і шанавання сябе, іншых і свету вакол нас.
У хрысціянскай гісторыі і традыцыі ёсць шмат людзей, якія казалі “так”: Марыя, Ерамія, Майсей, Пётр. Іхняе “так” мела вагу і значэнне. Магчыма, яны не ведалі дакладна, на што пагаджаюцца, але мелі мудрасць распазнаць, што Бог просіць іх сказаць “так”, і што ім трэба сказаць “так”.
Калі табе цяжка даецца сваё “так”, памятай, што ты ў добрай кампаніі вышэйзгаданых людзей. Ведай таксама: тыя, хто кажа “так”, маюць дар для гэтага “так” (і мы бачым, як Пётр, неадукаваны рыбак, становіцца настаўнікам, узначальвае новы рух, ідзе да святасці). Ты таксама атрымаеш дар на тое, каб сказаць сваё “так”.

Jim Deeds & Brendan McManus SJ, Finding God in the Mess