Бог – наша самае глыбокае жаданне
Для Касцёла Марыя з’яўляецца ўзорам веры, любові і вучнёўства. У гімне «Magnificat» ёсць чацвёртая рыса, якая падмацоўвае ўсе астатнія. Марыя ўспрымаецца як узор жадання: яна дапамагае нам распазнаць тое, чаго мы хочам.
«Magnificat» пачынаецца так: «Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы» (Лк 1:46–47). Адзначым, што Марыя не кажа, што яна шчаслівая. Шчасце можа быць усяго толькі часовым задавальненнем, а вось радасці ўласціва няспыннасць, працягласць. Чаканне таго, чаго мы прагнем, – шчымлівае, цудоўнае прадчуванне. Гэта трохі падобна на тое, як дзеці чакаюць падарункаў на Божае Нараджэнне. Я памятаю гэтае чаканне значна выразней, чым любы атрыманы падарунак.
Можам сабе ўявіць, што Марыя распавядала Альжбеце пра перажыванні той ночы, калі нарадзіўся Езус, і іх было значна больш, чым у дзяцей, якія чакаюць падарункаў. Яна чакала Дзіця, якое насіла ў сваім улонні: Божага Сына. Яна прыняла сваю місію нарадзіць Збаўцу. Цяпер Яна заўсёды прагне таго, чаго жадаюць Сын і Бог Айцец для Яе, а праз Яе – у жыцці Божага народа.
Кожны раз, калі мы дасягаем нейкай важнай вехі або дасягаем таго, да чаго даўно імкнуліся, паслясмак задавальнення трывае нядоўга. Заўсёды з’яўляецца нешта іншае, каб прывабіць нас. Прычына ў тым, што мы хочам не проста прыгожых рэчаў, мы хочам самой прыгажосці; мы не хочам таго ці іншага дабра, мы хочам самой дабрыні. Карацей кажучы, мы хочам Бога. Бог – наша самае глыбокае жаданне.
Eamonn Walls SJ, The Sacred Heart Messenger, May 2023