Быць побач з людзьмі і Богам

Мяне часта ўражвае тое, як людзі вітаюць адзін аднаго перад пачаткам Імшы. Яскрава бачна, што яны рады бачыць адны другіх, а калі кагосьці няма, іншыя пытаюцца пра яго і цікавяцца, як у яго справы. Тое, як мы вітаем людзей і ставімся да іх, можа прынесці ім благаслаўленне.

Прыйшоўшы ў горную краіну Юды, Марыя, як нам кажа евангеліст, прывітала Альжбету, і пасля прывітання Марыі яна напоўнілася Святым Духам. Было б цудоўна, калі б мы ўсе маглі вітаць людзей так, каб яны напаўняліся Святым Духам. Прывітанне Марыі было не толькі крыніцай благаслаўлення для яе самой, але і вітанне Альжбеты было крыніцай благаслаўлення для Марыі.

Вітаючы Марыю, Альжбета абвяшчае Яе самай благаслаўлёнай з усіх жанчын з-за Дзіцяці, якое Яна насіла ў сваім улонні, а таксама таму, што Яна паверыла абяцанню, якое Пан даў праз анёла Габрыэля.

Гэта была сустрэча дзвюх жанчын, якая наблізіла іх да Пана. Прыклад для ўсіх нас. Нашае пакліканне — быць побач з іншымі, вітаць іншых такім чынам, каб яны былі бліжэй да Пана і стваралі ў сэрцы месца для Яго прабывання, каб Ён мог паўней жыць у іх.

Martin Hogan, The Word is Near You, on Your Lips and in Your Heart