Велізарны скачок веры

Мы так добра знаёмыя з гісторыяй Звеставання, што схільныя ўспрымаць веру Марыі як належнае. Лёгка забыць, што пасланне Габрыэля адкрыла для Марыі шырачэзны новы гарызонт. Ён не даў Марыі ніякіх чалавечых гарантый, не прапанаваў Ёй знаёмага ці бяспечнага шляху наперад. Ён цалкам вывеў Яе з “зоны камфорту”. Усё ў гэтым адзіным эпізодзе патрабавала вялікага скачка веры: і так было досыць цяжка прыняць, што з Ёй размаўляе анёл; яшчэ цяжэй было паверыць, што дзева можа зацяжарыць, але хто мог сабе ўявіць, што звычайная жанчына можа стаць маці Бога! Габрыэль маляваў карціну на мяжы абсурду. Марыя не спынілася, каб падумаць пра неверагоднасць таго, што пачула. Калі б Яна так зрабіла, то, хутчэй за ўсё, адмовілася б паверыць. Марыя была сканцэнтравана на Богу. Яна дастаткова верыла ў Божую сілу і любоў, каб прыняць пасланне Габрыэля. Яна ўсім сэрцам акунулася ў бязмежны акіян Бога, кажучы: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова» (Лк 1:38).

Thomas Casey SJ, Smile of Joy: Mary of Nazareth