Крочыць разам у Хрысце

У гісторыі Мукі ёсць дзве пасудзіны з вадой. Адна — Пілата, які здымаў з сябе ўсю адказнасць. Другая — тая, у якой Езус абмывае іншых, шчодра напітваючы іх любоўю.

Дзве пасудзіны заўсёды перад намі. Езус паказвае нам, што калі ты становішся на бок абяздоленых, твой дух узрастае. Калі наша апантанасць сабой памяншаецца, жыццё робіцца паўнейшым, а гарызонты пашыраюцца. Падняць ручнік не значыць стаць анучай. Мы пакліканы служыць не жаданням людзей, а іх патрэбам. Мы служым іншым у імя Хрыста. Мы дзелімся тым, што маем, але, што важней, тым, кім мы з’яўляемся, асабліва з людзьмі адрынутымі і адчужанымі. Жывая прысутнасць перамяняе нас, паказвае сэрца Бога, прарокаў, прапаведнікаў і гарачых сведкаў Евангелля. Яны кідаюць нам выклік пытаннямі, якія нас хвалююць і трывожаць, бо даюць нам магчымасць зірнуць на Муку і Вялікдзень новымі вачыма і сэрцамі.

Вялікдзень заклікае нас памятаць пра Пана, калі мы збіраемся на Эўхарыстыі. Сваю будучыню ў свеце Ён давярае нам у Касцёле.

John Cullen, The Sacred Heart Messenger, April 2022