Місія святога Патрыка
За стагоддзі, якія мінулі з ягонай смерці, пра самага вядомага святога Ірландыі людзі склалі мноства легенд, гісторый і паданняў. Варта было б аддзяліць чалавека ад міфа, вярнуцца да твораў святога Патрыка, у тым ліку да “Споведзі”.
У гэтым простым творы ярка выяўляецца давер Патрыка да Бога і ўдзячнасць за тое, што Ён дасягнуў так многага з дапамогай такога слабога інструмента. Гэта ні ў якім разе не прымяншае унікальнага святла, якое “Споведзь” пралівае на сціплага місіянера Хрыста, які прынёс ірландскаму народу Евангелле любові. Вялікі місіянер азірнуўся на сваё жыццё і ўбачыў лабірынт цудоўнай Божай задумы.
Калі ён праглядае свой жыццёвы шлях, які, па яго словах, быў поўны памылак і недахопаў, то ў нібы выпадковых падзеях, зусім невытлумачальных у той час, калі яны адбываліся, цяпер ён бачыць руку Бога, рэалізацыю ўтоенага плана збаўлення ірландцаў. Ніякімі надзвычайнымі цудамі не быў пазначаны яго шлях па Ірландыі, тым не менш, Патрык крануў сэрцы маладых людзей, якія сцякаліся да яго і прысвяцілі сваё жыццё наследаванню Хрыста ў святарстве і манаскім жыцці.
Істотныя веды пра святога палягаюць не столькі ў датах і месцах, колькі ў яго святасці, каштоўнасцях, тым, што яго натхняла, і ў духоўнай барацьбе. На гэты конт звестак хапае. Патрык расказвае пра сваю місію і падкрэслівае ролю Бога ў ёй. Часта няправільна разуметы ў мінулым, Патрык спадзяваўся, што яго чытачы нарэшце зразумеюць, як ён ставіўся да сваёй доўгай, цяжкай, але ў канчатковым выніку паспяховай місіі. Яго гісторыя – гэта гісторыя Божай ласкі, якая выклікае здзіўленне і ўдзячнасць.
Морыс Хоган SSC, у прадмове да Эйдана Дж. Ларкіна, Духоўнае падарожжа святога Патрыка