Пакліканне служэння

Калі вы глядзіце на святара ў сваёй парафіі, падумайце, каго вы бачыце, а не пра тое, што бачыце. Святар — гэта чалавек, які ў нейкі момант свайго жыцця адчуў, што Бог жадае, каб ён стаў святаром. Святар — гэта той, хто ведае няўпэўненасць, сумневы і расчараванне, але ўсё ж такі знаходзіць веру каштоўнай і абірае служэнне як шлях жыцця. Святар — гэта той, хто шануе добрае слова і мае велізарную патрэбу ў вашай малітоўнай падтрымцы. Калі мы бачым святара з пункту гледжання “што робіць”, ён становіцца функцыяй, раздавальнікам паслуг, кантактам, з якім проста трэба звязацца, калі патрэбна паслуга. Калі Езус пасылаў Дванаццаць, Ён ведаў, што людзі маюць патрэбу ў іх гэтак жа моцна, як і яны маюць патрэбу ў людзях. Гэтая праўда застаецца нязменнай.

Падумайце зараз пра святароў, якіх вы ведаеце, пра манахаў і манахінь, якіх вы ведаеце, і ўспомніце іх узаемадзеянне з вамі на працягу жыцця. Моманты смутку і гора, няўпэўненасці ці страху, хваробы ці напружання – і моманты святкавання і радасці, – дзе ён ці яна былі? Хутчэй за ўсё, вельмі блізка да вас і вашых блізкіх. Так, калі вы чуеце крытыку ў адрас святароў ці кансэкраваных асоб, пры ўмове, што яна шчырая, прыміце, зразумейце яе і паспачувайце пакрыўджаным, але, калі адчуваеце, што яна несправядлівая, то вы маглі б сказаць: «Я такога не перажыў, у мяне іншы досвед» — і прынамсі такім чынам ушануеце шлях, абраны ў адказ на Божы заклік. Бо Езус заўважыў людзей і адчуваў, што ім патрэбныя святары. Магчыма, вы маглі б пагаварыць пасля Імшы; усміхнуцца, паціснуць руку і сказаць: «Дзякуй за тое, што вы робіце. Мы рады, што вы тут, сярод нас. Дарэчы, я памаліўся за вас у нядзелю».

Vincent Sherlock, Let Advent be Advent