Смакуй, захапляйся і дзівіся рэчаіснасці

Унутраныя і знешнія органы пачуццяў адыгрываюць важную ролю ў паўнавартасным чалавечым існаванні. Немаўляты ў першыя месяцы жыцця «вучацца» пераважна праз адчуванне. Дарослыя ж маюць тэндэнцыю празмерна спадзявацца на свой інтэлект у пошуках праўды. Як вынік, мы не карыстаемся тым багаццем, якое прапануе нам чуллівае ўспрыманне. Апошняга можа камусьці не хапаць, але абмінуць яго нельга.
Жыць напоўніцу больш шансаў мае той, хто цалкам укаранёны ў штодзённасць і выкарыстоўвае пры гэтым як разумовыя, так і пачуццёвыя здольнасці. Калі мы хочам жыць на большай глыбіні, то ўвага да пачуццяў жыццёва неабходная. Іншымі словамі, нам надзвычай патрэбны моманты, калі можна затрымацца, калі мы проста «стаім і глядзім, слухаем і адчуваем, удыхаем водар і смакуем».
Жыццёвыя падзеі мы часта пражываем аўтаматычна, несвядома. У пэўных відах дзейнасці і абставінах так і павінна быць. Напрыклад, кіруючы аўтамабілем, ты не можаш усведамляць кожнае лёгкае тармажэнне або паварот руля. І ўсё ж нам патрэбны моманты, пажадана некалькі разоў на дзень, калі мы наўмысна прыгадваем сабе смакаваць, захапляцца і дзівіцца навакольнай рэчаіснасці. Прыкладамі могуць быць: увага да гукаў на ажыўленай вуліцы; від з акна офіса; кансістэнцыя і/або смак ежы падчас пасілка; унутраная прыгажосць чалавека, з якім я размаўляю, а таксама прызнанне прыгажосці таго, кім я сам ёсць.
Коратка кажучы, варта дазволіць унутранаму і знешняму свету пачуццяў сілкаваць нас – у руціне і ў незвычайных падзеях. Прыхаваныя моманты могуць аказацца тымі самымі пярлінамі, якія робяць жыццё вартым таго, каб жыць, і, магчыма, нават «поўным цудаў».
Catherine McCann, Spirituality and the Senses: Living Life to the Full