“Што я магу зрабіць?”

Разам з агульным метадам рахунку сумлення святы Ігнацый выкарыстоўваў і “частковы рахунак”, як ён яго называў. У гэтым апошнім ён быў падобны, так бы мовіць, на сур’ёзнага паводзінавага псіхатэрапеўта. Святы Ігнацый задаваў сабе пытанне: “Якую перамену ў сваім жыцці я бачу?” – і залічваў гэтую перамену да дабра ці зла, у залежнасці ад мэты, якую ставіў перад сабой і над якой працаваў. На працягу тыдняў, двойчы на дзень, ён пазначаў на спецыяльным аркушы паперы, як ён прытрымліваецца свайго рашэння, і меў магчымасць назіраць, як рухалася справа са зменай сваіх паводзінаў. Такія пытанні і штодзённыя планы мы звычайна называем “добрымі пастановамі”. Для нас яны маглі б гучаць так: прыбіраць штовечар пісьмовы стол; не прымушаць людзей, якія прыйшлі з важнымі пытаннямі, чакаць адказу; штодзённа вызначаць час на малітву; за вячэрай распытвацца дзяцей пра іх справы; замест уніклівых невыразных адказаў выбіраць просталінейны адкрыты спосаб выказвання.
Пастановы маглі датычыцца як знешніх паводзінаў, так і ўнутраных рэчаў: выконваць якую-небудзь працу з большай засяроджанасцю. Многія прыведзеныя прыклады могуць выглядаць дробнымі, і ўсё ж адказ, які даў мудры стары летуценнаму юнаку-ідэалісту на пытанне, што ён можа зрабіць для супакою ва ўсім свеце, варты таго, каб прыслухацца: “Ты мог бы пачаць з таго, што станеш зачыняць дзверы за сабой крышачку цішэй”.
Некаторыя навуковыя даследванні сведчаць аб тым, што тыя, хто вызначыў свае мэты і сродкі і запісаў іх, цешацца нашмат большым прафесійным поспехам і зарабляюць больш, чым людзі, якія трымаюць свае планы выключна ў сваіх галовах. Верагодна, ёсць несумненная перавага ў запісванні сваіх праектаў: перавага яснасці. Але разам з тым можна заўважыць яшчэ адзін плюс: чалавек іх памятае. Азіяцкая прымаўка кажа: бляклае чарніла мацней, чым найлепшая памяць.

Віллі Ламберт SJ, The Sacred Heart Messenger