Сучасныя добрыя самаране
У Евангеллі адзін кніжнік спытаў у Езуса: «Хто мой бліжні?» Хутчэй за ўсё, ён чакаў вызначэння, якое б акрэсліла межы ягоных абавязкаў. Замест гэтага Езус расказаў гісторыю пра чалавека ў бядзе, якога збілі, абрабавалі і пакінулі напаўжывым пры дарозе. Некалькі паважаных членаў грамадства чулі яго крык аб дапамозе, але праігнаравалі яго. Але адзін мінак – самаранін – пачуў стогны чалавека, узрушыўся і прыйшоў на дапамогу. Перавязаў раны, адвёз ў гасцініцу і нават прапанаваў аплаціць усе выдаткі. Пачуўшы гісторыю, кніжнік прызнаў, што менавіта самаранін, да якога юдэі ставіліся з пагардай, сапраўды быў бліжнім для няшчаснага чалавека. Затым Езус заахвоціў ісці ў свет і рабіць гэтаксама. Калі б Езус расказваў прыпавесць сёння, магчыма, Ён падаў бы яе інакш. Ён мог бы расказаць пра сям’ю ўкраінскіх бежанцаў, якім давялося пакінуць свой дом у Марыупалі. Пакінуўшы ўсю сваю маёмасць, адчайна спадзеючыся знайсці бяспеку для сваіх дзяцей, яны ў рэшце рэшт прыбываюць у невялікую вёску на захадзе Ірландыі пасля месяцаў адмовы. Там іх зычліва вітае супольнасць, мясцовая сям’я дае ім прытулак, у мясцовай школе іх прымаюць цёпла і прыязна. А можа, Езус расказаў бы іншую гісторыю: пра тых, хто адправіўся – часта насуперак афіцыйным правілам – ратаваць мігрантаў, якія спрабуюць перасекчы Міжземнае мора ў хісткіх лодках, што вось-вось могуць патануць. Ёсць так шмат гісторый, якія Езус мог бы расказаць пра сённяшніх добрых самаран, якія прыходзяць на дапамогу нашым суседзям-мігрантам. Аднак Яго апошнія словы засталіся б нязменнымі: «Ідзі і ты рабі так».
Patrick Carberry SJ, Living Prayer 2024