Шырэйшая перспектыва
Адзін сябар, якому паставілі невылечны дыягназ, заўважыў, што цяпер ён збіраецца сур’ёзна заняцца смерцю, адпусціць усё, што яго яшчэ стрымлівала, і заняцца няскончанымі справамі ў жыцці і адносінах. Старэнне — гэта не пра тое, каб асесці з люлькай, капцамі і крэслам-гойдалкай. Гэта прадугледжвае сур’ёзную працу, да якой мы не былі падрыхтаваны ў ранейшыя гады.
Матылёк можа шмат чаму нас навучыць. Пралятаючы над лесам, дзе ён нарадзіўся і перажыў сваю метамарфозу, ён глядзіць на сваіх нашчадкаў, якія ўсё яшчэ поўзаюць па галінах, нібы вусені, не маючы аніякага ўяўлення пра тое, што чакае іх наперадзе. Яны занятыя харчаваннем і самаабаронай. Матылёк бачыць больш шырокую карціну. Ён ведае, што жыццё вусеня — не канец гісторыі. Ён ведае, што менавіта тады, калі ты адчуваеш, што бездапаможна развальваешся, можа з’явіцца нешта дзіўнае.
Калі можаш бачыць больш шырокую карціну, усё змяняецца. Ты адкрываеш, што ўсё мінае, а чалавечы дух выжывае. Бачыш жыццё з іншага пункту гледжання. Глядзіш праз прызму містыка. Твая здольнасць бачыць больш шырокую карціну можа дапамагчы маладым людзям лепш спраўляцца з мімалётнымі цяжкасцямі ў сваім жыцці і, магчыма, бачыць іх далей.
Гледзячы на немаўля Езуса, Сімяон заяўляе, што гатовы адысці, бо ўбачыў здзяйсненне Божай мары. Падобна Сімяону, ты падняўся на гару жыцця. Ты бачыш шырокі гарызонт з яго прыгажосцю і небяспекамі. Ты бачыў Божую моц, якая дзейнічае ў тваім жыцці. І нават калі ты набліжаешся да кропкі адыходу ад усяго, што ведаеш і любіш, ты, як юны матылёк, стаіш на парозе пераўтварэння.
Маргарэт Сільф, Пасланніца Святога Сэрца , снежань 2023 г.