Святы Ігнацый Лаёла
Нашая штодзённая малітва ў “Прасторы малітвы” грунтуецца на традыцыі ігнацыянскай духоўнасці. Гэтая назва паходзіць ад імя святога Ігнацыя Лаёлы, баска XV стагоддзя, які перажыў у сваім жыцці радыкальнае навяртанне. Ігнацый быў заснавальнікам Таварыства Езуса – езуітаў.
Ігнацый Лаёла («Ініга») нарадзіўся ў 1491 годзе ў шляхецкай сям’і, апошнім з трынаццаці дзяцей, у горадзе Аспеіція, мясцовасці Лаёла, у краіне баскаў у Іспаніі. Ён служыў пры каралеўскім двары і быў зухаватым рыцарам, шырока вядомым сваёй пыхлівасцю і амбітнасцю. Падчас франка-іспанскіх бітваў апынуўся ў абложанай Памплоне, дзе і адбыліся падзеі, якія вызначылі момант ягонага навяртання. Нягледзячы на тое, што Памплону не ўдалося б абараніць ад пераўзыходзячай арміі французаў, Ігнацый аддаў загад не здавацца. Ён быў паранены гарматным ядром, якое раструшчыла яму нагу і ранейшы стыль жыцця. Ён правёў шмат месяцаў на лячэнні ў радавым замку ў Лаёле, і за гэты час зведаў радыкальнае навяртанне.
Пакуль доўжылася рэабілітацыя, Ігнацый мог чытаць адзіныя даступныя ў замку кнігі, каб бавіць час. Гэтыя кнігі апісвалі жыццё святых і падзеі Евангелля, у адрозненне ад звычайнай мастацкай літаратуры. Шматгадзіннае чытанне і разважанні глыбока паўплывалі на духоўнае жыццё Ігнацыя. Ён заўважыў сваю рэакцыю на змест і на тое, што чытанне пра Хрыста і вялікіх святых выклікае пачуццё трывалай радасці і спакою (якія ён назваў «суцяшэннем»). Ён таксама заўважыў, што разважанне пра справы свету, што ён лічыў раней прыемным, задавальняла яго на некаторы час, але ў канчатковым выніку пакідала пачуццё пусткі (якую ён назваў «пакінутасцю»). Ён адчуваў: гэта былі Божыя падказкі наконт таго, што Бог прагне зрабіць у ягоным жыцці.
Як толькі Ігнацый паправіўся, адразу пакінуў родны дом у Лаёле і пераехаў у Манрэсу, пакінуўшы разам з тым і рыцарскае жыццё. Ён стаў пілігрымам, жыццё якога напоўнілася глыбокай малітвай, разважаннямі і простымі добрымі справамі. Пасля шматгадовага падарожжа па Еўропе ён правёў адзінаццаць гадоў у Парыжы, вывучаючы мастацтвы і тэалогію (з 1524 па 1535 гг.). У 1534 г. у Парыжы Ігнацый заснаваў Таварыства Езуса і ва ўзросце 46 гадоў атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Быў першым генеральным настаяцелем ордэна езуітаў. Памёр у Рыме 31 ліпеня 1556 года ва ўзросце 64 гадоў.
Духоўныя практыкаванні
Ігнацый дастасаваў сваё жыццё да жадання Бога наконт яго, развіваючы адносіны з Богам праз пастаянную малітву. Ён спрабаваў «знайсці Бога ва ўсім» цягам кожнага дня. Ён праводзіў шмат часу ў малітве і разважаннях і запісаў многія свае ідэі і разважанні ў кнізе. Гэтую кнігу мы называем “Духоўнымі практыкаваннямі”. Яна стала адной з самых важных і ўплывовых кніг па духоўнасці, і працягвае ўплываць на людзей нават праз 500 гадоў.
Кніга “Духоўныя практыкаванні” прапануе розныя формы малітвы, каб дапамагчы людзям развіць адносіны з Богам і дасягнуць кантэмпляцыйнай паставы, каб заўсёды жыць у Божай прысутнасці. Адной з такіх формаў малітвы, якая была важнай для Ігнацыя, з’яўляецца малітва «Examen» або рахунак сумлення. Гэта форма малітвы, якая дапамагае людзям развіць адчувальнасць і ўсё больш заўважаць, дзе прысутнічае Бог у штодзённых фрагментах жыцця: падзеях, цяжкасцях, радасцях і г.д. Ігнацый напісаў «Духоўныя практыкаванні», калі быў яшчэ свецкім, зыходзячы са штодзённых праблем звычайнага чалавека. Ігнацый быў уважлівым да дотыку Бога ў штодзённасці і цяпер паказвае нам, як і мы можам заўважыць і адчуць дотык Бога ў звычайным жыцці.