панядзелак 2 Снежань
Прысутнасць
Пане, дапамажы мне шырока адчыніць Табе дзверы сэрца
на гэты час, калі я адкладаю ўбок турботы і справы.
Напоўні плынь маіх думак спакоем і любоўю.
Свабода
Калі Бог паспрабуе мне нешта сказаць, ці пачую я?
Калі Бог захоча суцешыць мяне ці даручыць нешта, ці заўважу я?
Прашу аб ласцы вызваліцца ад уласных клопатаў
і быць чуйным да таго, што Бог можа сказаць мне.
Усведамленне
Узгадваю кожнага, хто прасіў мяне аб малітве, і даручаю Табе, Пане, разам са сваімі патрэбамі і цяжарамі.
Божае слова
Мц 8:5-115Калі Езус увайшоў у Кафарнаум, падышоў да Яго сотнік і прасіў Яго, 6кажучы: «Пане, слуга мой ляжыць дома паралізаваны і цяжка пакутуе». 7Езус cказаў яму: «Я прыйду і вылечу яго». 8Сотнік жа адказаў: «Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлены слуга мой. 9Бо і я чалавек падуладны, сам маю ў падначаленні жаўнераў і кажу аднаму: “Ідзі”, і ідзе, а другому: “Прыйдзі”, і прыходзіць, а слугу майму: “Зрабі тое”, і робіць». 10Пачуўшы гэта, Езус здзівіўся і сказаў тым, хто ішоў за Ім: «Сапраўды кажу вам, ні ў кога ў Ізраэлі Я не знайшоў такой веры. 11Кажу вам, што многія прыйдуць з усходу і захаду і зоймуць месца за сталом з Абрагамам, Ісаакам і Якубам у Валадарстве Нябесным.
Разважанне да Божага слова
У гэтым чужынцы, які прыходзіць да Езуса, мы маем адзін з лепшых прыкладаў веры, які можна знайсці ў Евангеллі. Падчас кожнай св. Імшы мы ўзгадваем яго, калі рыхтуемся прыняць Пана ў Камуніі.
Езусу вялікую радасць прыносіў кожны выпадак, калі Ён сустракаў такую веру ў людзях, як у гэтага сотніка. Тамашу, які сумняваўся, Ён сказаў: «Ты паверыў, таму што бачыш мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў». Пане, дапамажы мне ўзрастаць у веры, пачаўшы з той малой веры, якую я маю. Цяпер, у гэты час малітвы, мы можам прынесці Яму гэтую вялікую радасць сваёй верай.
Размова
Ці заўважаю, як рэагую на малітву Словам Божым?
Ці адчуваю занепакоенасць, суцяшэнне, гнеў?
Уяўляючы Езуса, які сядзіць ці стаіць побач са мной,
выказваю свае пачуцці, як добраму сябру.
Заканчэнне
Я дзякую Богу за магчымасць правесці сам-насам з Ім некалькі хвілін,
і цяпер іду далей з радасцю і надзеяй
служыць Яго народу.
Амэн
Copyright © 1999-2024 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.