панядзелак 12 Май
Прысутнасць
Суцішваюся і стараюся ўсвядоміць, што Бог прысутнічае
для мяне тут і цяпер. Ён ёсць у тым, што я раблю,
у людзях і сітуацыях штодзённага жыцця.
Я прыходжу, каб стаць перад Тым, хто заўсёды са мной.
Свабода
Нябесны Ойча, дай мне ўсвядоміць увесь цяжар, які цяпер нясу, і Сваёй ласкай дапамажы пакласці яго ля падножжа Хрыстовага Крыжа і свабодна ўвайсці ў гэты час малітвы.
Усведамленне
Пане, Ты прысутны ва ўсім
і калі я знаходжу час, каб проста пасядзець і пабыць з Табой,
мой розум адпачывае
і я адчуваю Твой супакой.
Божае слова
Ян 10:1-101Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто ўваходзіць не праз браму на авечы двор, але прабіраецца інакш, той злодзей і злачынец. 2А хто ўваходзіць праз браму, той пастыр авечак. 3Брамнік яму адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага; кліча сваіх авечак па імені і выводзіць іх. 4 А калі ўсіх выведзе, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць ягоны голас. 5За чужым не ідуць, але ўцякаюць ад яго, бо не ведаюць голасу чужых». 6Такую прыпавесць сказаў ім Езус, але яны не зразумелі, што Ён казаў ім.
7Тады Езус зноў сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я – брама для авечак. 8Усе, колькі іх прыходзіла перада Мною, – гэта злодзеі і злачынцы, і авечкі не паслухалі іх. 9Я — брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу. 10Злодзей прыходзіць дзеля таго, каб красці, забіваць і нішчыць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку.
Разважанне да Божага слова
Толькі Езус з'яўляецца сапраўднай брамай аўчарні. У гісторыі хапала іншых ілжэпрарокаў і ілжэмесій, як Ён і прадказваў. Вернасць Богу ў малітве і хрысціянскім жыцці дазваляе паступова навучыцца распазнаваць Яго голас у нашых сэрцах. Мова Бога - цішыня і любоў, і мы павінны навучыцца слухаць Яго ў сваім сэрцы, жыць у Ягонай прысутнасці.
Размова
Зараз я ўяўляю перад сабой адну з Асобаў Тройцы, Айца, Сына ці Святога Духа, хто прыйдзе ва ўяўленне найбольш натуральным чынам, і вяду сардэчную размову аб сённяшнім фрагменце Пісання або падзях майго жыцця, якія хвалююць мяне ў гэты момант.
Заканчэнне
Дзякую, Пане, за дар часу, праведзенага ў Тваёй прысутнасці і за ўсе Твае натхненні.
Амэн
Copyright © 1999-2025 Sacred Space. All rights reserved.
Прастора малітвы – гэта праект ірландскіх езуітаў.