Лк 18:1-8

1Расказаў таксама ім прыпавесць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам, 2кажучы: «У адным горадзе быў суддзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся. 3Таксама была ў тым горадзе адна ўдава, якая прыйшла да яго і прасіла: “Абарані мяне ад праціўніка майго”. 4Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: “Хоць і Бога не баюся, і людзей не саромеюся, 5але паколькі гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна не прыходзіла больш дакучаць мне”». 6І сказаў Пан: «Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя. 7Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, і ці будзе марудзіць у іх справе? 8Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх. Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?»


Разважанні on Лк 18:1-8

Разважанне да Божага слова - 2026-11-14 Штодзённая малітва

Прыпавесць пра ўдаву і несправядлівага суддзю гучыць у кантэксце абяцанага вяртання Сына Божага і канчатковага суда над усімі чалавечымі ўчынкамі. Уражвае настойлівасць пакрыўджанай жанчыны, якая дамагаецца справядлівасці. Яна просіць, моліць і не згаджаецца прыняць адмову. Для нас яна з’яўляецца прыкладам настойлівасці ў веры.

Пане, ці губляў я калі-небудзь надзею на тое, што Ты пачуеш мае просьбы і адкажаш на іх? Ці магу я цяпер зноў прынесці іх Табе? Ці дастаткова давяраю Табе? Досвед маіх ранейшых зваротаў да Цябе няхай умацоўвае гэты давер.