Лк 19:1-10
1Увайшоўшы, Ён праходзіў праз Ерыхон. 2І вось, чалавек па імені Закхей, кіраўнік мытнікаў і багаты, 3стараўся ўбачыць Езуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малога росту. 4Забегшы наперад, ён залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там праходзіць. 5А калі Езус прыйшоў на гэтае месца, паглядзеў уверх і сказаў яму: «Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння Мне трэба быць у тваім доме». 6Той хутка спусціўся і прыняў Яго з радасцю. 7А ўсе, убачыўшы гэта, пачалі наракаць і казалі: «Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека». 8Закхей жа ўстаў і сказаў Пану: «Вось, палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш». 9Езус сказаў яму: «Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты, таму што і ён сын Абрагама. 10Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула».
“Copyright © 2021 National Council of Churches of Christ in the United States of America. Used by permission. All rights reserved worldwide.”
Разважанні on Лк 19:1-10
Разважанне да Божага слова - 2026-11-17 Штодзённая малітва
Адна з галоўных тэмаў Евангелля паводле Лукі – Бог наведвае свой народ у асобе свайго Сына. Можна было б чакаць, што Закхей, мытнік, якім пагарджала яго супольнасць, пачуе ад Настаўніка толькі асуджэнне. Але першае ўражанне бывае падманлівым, а Ты, Пане, бачыш глыбей за вонкавы выгляд.
Грэшнік прымае Езуса і адчыняе для Яго не толькі дзверы дома, але і сэрца. І Ты адказваеш яму такой жа адкрытасцю. Які ж плён прыносіць гэтая сустрэча! Закхей выходзіць з яе новым чалавекам. Падобна да яго, і мы часам чуем, як Ты клічаш нас па імені. Дапамажы мне зразумець, што Ты прысутнічаеш ува мне і просіш даць Табе месца ў маім жыцці.