Лк 12:32-48

32 «Не бойся, малы статак, бо спадабалася Айцу вашаму даць вам Валадарства. 33Прадайце, што маеце, і дайце міласціну. Зрабіце сабе торбы, якія не нішчацца, скарб бязмежны ў нябёсах, куды злодзей не пранікне і дзе моль не знішчыць. 34Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае

35Няхай сцёгны вашыя будуць падперазаныя і светачы запаленыя; 36а вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртання свайго гаспадара з вяселля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму. 37Шчаслівыя тыя слугі, якіх гаспадар знойдзе ў чуванні, калі прыйдзе. Сапраўды кажу вам, што ён падпяражацца і пасадзіць іх, і, падышоўшы, пачне служыць ім. 38І калі ў другую і ў трэцюю варту прыйдзе і застане іх за гэтым, то шчаслівыя яны.

39“Ведайце, што калі б гаспадар дому ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не дазволіў бы ўварвацца ў дом свой. 40І вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы».

41Тады сказаў Пётр: «Пане, гэтую прыпавесць расказваеш нам ці таксама ўсім?» 42Пан сказаў: «Хто ж верны і разумны эканом, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі даваць ім у свой час меру хлеба? 43Шчаслівы той слуга, якога гаспадар ягоны, калі прыйдзе, застане, што ён так робіць 44Праўду кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёй паставіць яго. 45Калі ж гэты слуга ў сэрцы сваім скажа: “Не хутка гаспадар мой прыйдзе”, і пачне біць слугаў і служанак, есці, піць і ўпівацца, 46то прыйдзе гаспадар слугі гэтага ў дзень, калі ён не чакае, і ў гадзіну, аб якой не ведае. Адлучыць яго і вызначыць яму лёс з нявернымі. 47А той слуга, які ведаў волю гаспадара свайго, але не быў гатовы і не рабіў
паводле волі яго, будзе моцна пабіты. 48Той жа, які не ведаў і зрабіў вартае пакарання, будзе пабіты мала. З кожнага, каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат; і каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць.


Разважанні on Лк 12:32-48

Разважанне да Божага слова - 2025-08-10 Навэнна да святога Ігнацыя

Бог, наш Айцец, хоча, каб усе людзі былі збаўлены і дасягнулі Валадарства. Калі Ён гэтага хоча, то толькі мы самі можам таму перашкодзіць, злоўжываючы сваёй свабоднай воляй. Нам варта часцей маліцца, як раіць святы Ігнацый: «З глыбокай любоўю паразважаю пра тое, як Пан жадае даць Сябе нам».

Мы жывём жаданнямі сэрца. Чаго ж я па-сапраўднаму хачу? Які мой скарб, які не знікне, не разліецца, як вада? «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. …бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў» (Мц 11:28).