Лк 21:5-19 (НП)

5Калі некаторыя гаварылі пра святыню, што яна ўпрыгожана каштоўнымі камянямі і дарамі, Ён сказаў: 6«Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе зруйнаваны».

7Спыталіся ў Яго: «Настаўнік, калі ж гэта станецца і што будзе знакам, калі гэта павінна адбыцца?» 8Ён сказаў: «Глядзіце, каб вас не звялі, бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я і што наблізіўся час. Не ідзіце за імі.

9Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не палохайцеся, бо спачатку гэта павінна адбыцца, але не адразу канец». 10Тады сказаў ім: «Паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; 11будуць вялікія землятрусы, а месцамі голад і мор, жахлівыя з’явы і вялікія знакі з неба.

12Але перад усім гэтым схопяць вас і будуць пераследаваць, аддаючы ў сінагогі і ў вязніцы, і паставяць перад каралямі і намеснікамі за імя Маё. 13І будзе гэта вам на сведчанне. 14Таму пастанавіце ў сэрцы сваім не клапаціцца наперад, як абараніцца, 15бо Я дам вам мову і мудрасць, якой не здолеюць супрацьстаяць ці супярэчыць праціўнікі вашыя. 16Выдаваць вас будуць таксама бацькі і браты, родныя і сябры, а некаторых з вас заб’юць. 17І зненавідзяць вас усе за імя Маё. 18Але і волас з галавы вашай не прападзе. 19Цярпеннем сваім уратуеце душы вашыя.


Разважанні on Лк 21:5-19 (НП)

Разважанне да Божага слова - 2025-11-16 Штодзённая малітва

Падчас чытання жыццяпісаў мучанікаў уражвае незвычайная мужнасць, з якой яны пераносяць пакуты. Гэта дар асаблівай ласкі, якую спасылае Бог. Папросім сёння і для сябе ласку вытрываць пераслед, калі ён надыйдзе, і ласку цярплівасці, каб жыць па-хрысціянску.

У вачах Пана тысяча гадоў – усяго толькі адзін дзень. Бог – па-за часам, які з’яўляецца чалавечым канструктам. Кожны момант складаецца з серыі імгненняў. Гэтага моманту з Богам у малітве ніколі раней не было і ніколі не будзе зноў. Застанёмся ў гэтым асаблівым “цяпер” з Богам, хоць на кароткі час.