Мк 15:33-39,16:1-6

33Калі надышла шостая гадзіна, цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай. 34А каля дзевятай гадзіны ўсклікнуў Езус моцным голасам: «Элі, Элі, лема сабахтані?», што азначае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» 35Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: «Вось, Ён кліча Іллю». 36А адзін пабег, намачыў губку воцатам і, насадзіўшы на трысціну, паіў Яго, кажучы: «Чакайце, пабачым, ці прыйдзе Ілля зняць Яго». 37Езус жа, ускрыкнуўшы моцным голасам, сканаў. 38І заслона ў святыні разарвалася надвое ад верху да нізу. 39Сотнік, які стаяў насупраць Яго, сказаў, убачыўшы, як Ён канаў: «Праўдзіва, Чалавек гэты быў Сынам Божым».

1Калі мінуў шабат, Марыя Магдалена, Марыя Якубава і Саламея купілі духмянасцяў, каб пайсці і намасціць Езуса. 2Вельмі рана, у першы дзень тыдня, прыйшлі да магілы, калі ўзышло сонца, 3і гаварылі між сабою: «Хто адсуне нам камень ад уваходу ў магілу?» 4І паглядзеўшы, убачылі, што камень адсунуты, а быў ён вельмі вялікі. 5Увайшоўшы ў магілу, яны ўбачылі юнака, які сядзеў з правага боку і быў апрануты ў белае адзенне, і вельмі спалохаліся. 6А ён сказаў ім: «Не бойцеся! Шукаеце Езуса Назараніна, укрыжаванага. Ён уваскрос, Яго тут няма; вось месца, дзе паклалі Яго.


Разважанні on Мк 15:33-39,16:1-6

Разважанне да Божага слова - 2024-11-02 Штодзённая малітва

Мы ўзгадваем сёння ў малітве ўсіх памерлых, ведаючы маштабы чалавечых абмежаванняў і недахопаў. Божае жаданне для людзей – жыццё ў паўнаце. Пане, просім Цябе, дай усім памерлым вернікам месца адпачынку, святла і супакою.

Езус з намі ў нашай бядзе, агоніі, цемры. Будучы напоўніцу чалавекам, Ён ведае, што такое боль. Можа, хопіць ужо зачыняць сэрца ад Езуса, які разумее кожную сітуацыю? Смерць Езуса нагадвае нам, што Ён зведаў тое, што нас яшчэ толькі чакае. Ён аддаў духа, як зробяць некалі ўсе ў свой час. Уваскрасенне нагадвае нам, што як Ён уваскрос, так і мы ўваскрэснем. Той, хто быў Сынам Божым на зямлі і Сынам Марыі, з’яўляецца Сынам Божым у вечнасці. Якім Ён ёсць, такімі будзем і мы.