Мк 5:21-43
21 Калі Езус ізноў пераправіўся ў чоўне на другі бераг, сабралася да Яго мноства народу. А быў Ён каля мора. 22Прыйшоў таксама адзін з кіраўнікоў сінагогі па імені Яір і, убачыўшы Езуса, упаў да Ягоных ног 23і моцна прасіў, кажучы: “Дачушка мая памірае, прыйдзі, ускладзі на яе рукі, каб яна ўратавалася і жыла». 24І Ён пайшоў з ім.
А вялікі натоўп ішоў за Езусам і ціснуўся да Яго.
25Таксама жанчына, якая хварэла на крывацёк дванаццаць гадоў і шмат выцерпела ад многіх лекараў, 26патраціла на іх усю маёмасць сваю, аднак нішто не дапамагло, і ёй станавілася нават горш, 27пачуўшы пра Езуса, падышла ў натоўпе ззаду і дакранулася да Ягонага плашча. 28Бо казала сама сабе: «Калі дакрануся хаця б да плашча Ягонага, выздаравею». 29І ў тую ж хвіліну спыніўся ў яе крывацёк, і яна адчула ў целе, што вызвалілася ад хваробы. 30Езус, адразу адчуўшы, што моц выйшла з Яго, звярнуўся да народу і сказаў: «Хто дакрануўся да Майго плашча?» 31А вучні Ягоныя сказалі Яму: «Ты бачыш, што народ ціснецца да Цябе, і пытаешся “хто дакрануўся да Мяне?”» 32Але Ён аглядаўся, каб убачыць тую, якая гэта зрабіла. 33А жанчына спалохалася і задрыжэла, бо ведала, што з ёй сталася. Яна падышла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду. 34 Ён жа сказаў ёй: «Дачка, вера твая ўратавала цябе. Ідзі ў спакоі і будзь вольная ад сваёй хваробы».
35Калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшлі ад кіраўніка сінагогі і сказалі: «Дачка твая памерла, навошта ты яшчэ турбуеш Настаўніка?» 36Але Езус, пачуўшы гэтыя словы, сказаў кіраўніку сінагогі: «Не бойся, толькі вер!» 37І не дазволіў нікому ісці за сабою, акрамя Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба. 38Калі прыйшоў у дом кіраўніка сінагогі, убачыў мітусню і тых, хто плакаў і моцна галасіў. 39Увайшоўшы, Ён сказаў ім: «Чаго мітусіцеся і плачаце? Дзіця не памерла, а спіць». 40І насміхаліся з Яго. Але Ён, выгнаўшы ўсіх, узяў з сабою бацьку і маці дзіцяці і тых, хто быў з Ім, і ўвайшоў туды, дзе было дзіця. 41Узяўшы дзяўчынку за руку, сказаў ёй: «Таліта, кум!», што значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, устань!» 42Дзяўчынка адразу ўстала і пачала хадзіць. А было ёй дванаццаць гадоў. І замерлі яны ў вялікім здзіўленні. 43А Ён строга загадаў ім, каб ніхто пра гэта не ведаў, і сказаў даць ёй есці.
“Copyright © 2021 National Council of Churches of Christ in the United States of America. Used by permission. All rights reserved worldwide.”
Разважанні on Мк 5:21-43
Разважанне да Божага слова - 2026-02-03 Штодзённая малітва
Сённяшні ўрывак адлюстроўвае асаблівасць Евангелля ад Марка: інклюзію, дзе адзін урывак змяшчаецца ўнутры другога. Сёння мы бачым два цуды, адзін унутры другога. У абодвух выпадках людзі ў патрэбе былі глыбока перакананыя, што фізічны дотык і вера у сілу Езуса прывядуць да ацалення. Для нас таксама важна аднавіць і захоўваць гэтую сувязь між дотыкам і верай. Застанемся сёння ў малітве з Яірам або з хворай жанчынай. Сапраўды ўражвае іх вера, што Езус можа нешта зрабіць з тым ліхам, якое іх напаткала. Натхнёныя прыкладам даверу гэтых людзей, прынясём і мы Пану свае просьбы і запаветныя мары.