Мк 9:30-37

30Выйшаўшы адтуль, яны праходзілі праз Галілею, але Езус не хацеў, каб нехта ведаў. 31Бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі людзей, што Яго заб’юць, і што забіты ўваскрэсне праз тры дні. 32Але яны не разумелі гэтых словаў, а спытацца ў Яго баяліся.

33Калі прыйшлі ў Кафарнаум і былі ў доме, спытаўся ў іх: «Пра што вы разважалі па дарозе?» 34Яны маўчалі, бо ў дарозе разважалі паміж сабою, хто большы. 35Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: «Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх». 36Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім: 37«Хто прымае адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне».


Разважанні on Мк 9:30-37

Разважанне да Божага слова - 2025-02-25 Штодзённая малітва

Езус толькі што сказаў вучням, што будзе бездапаможны перад сваімі ворагамі, якія заб’юць Яго, але гэтае прадказанне Мукі зусім іх не кранула. Чалавечая сіла і веліч былі важней. Таму Езус бярэ і абдымае маленькае дзіця, ставячы яго як прыклад: трэба любіць і клапаціцца пра тых, хто бяссільны і залежыць ад іншых. Бо і Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх.

Адным з вялікіх урокаў на нашым хрысціянскім шляху з’яўляецца ўрок пакоры. Святая Тэрэза Авільская пісала: «Пакора – гэта праўда». Усе мы павінны ўзрастаць у праўдзе ўласнай маласці і поўнай залежнасці ад Бога.