Мц 1:1-17

1Кніга радаводу Езуса Хрыста, сына Давіда, сына Абрагама.

2Абрагам нарадзіў Ісаака; Ісаак нарадзіў Якуба; Якуб нарадзіў Юду і ягоных братоў; 3Юда нарадзіў Фарэса і Зару ад Тамар. Фарэс нарадзіў Эзрома; Эзром нарадзіў Арама, 4Арам нарадзіў Амінадаба; Амінадаб нарадзіў Наасона; Наасон нарадзіў Сальмона; 5Сальмон нарадзіў Бааза ад Рахаб; Бааз нарадзіў Абэда ад Рут; Абэд нарадзіў Есэя, 6а Есэй нарадзіў караля Давіда.

Давід нарадзіў Саламона ад жонкі Урыі;

7Саламон нарадзіў Рабаама; Рабаам нарадзіў Абія; Абій нарадзіў Асу; 8Аса нарадзіў Язафата; Язафат нарадзіў Ярама; Ярам нарадзіў Осію; 9Осія нарадзіў Яатама; Яатам нарадзіў Ахаза; Ахаз нарадзіў Эзэхію; 10Эзэхія нарадзіў Манасэса; Манасэс нарадзіў Амона; Амон нарадзіў Ёсію; 11Ёсія нарадзіў Ехонію і ягоных братоў падчас бабілёнскага перасялення.

12А пасля бабілёнскага перасялення Ехонія нарадзіў Салятыэля; Салятыэль нарадзіў Зарабабэля; 13Зарабабэль нарадзіў Абіюда; Абіюд нарадзіў Эліяхіма; Эліяхім нарадзіў Азора; 14Азор нарадзіў Садока; Садок нарадзіў Ахіма; Ахім нарадзіў Эліюда; 15Эліюд нарадзіў Элеазара; Элеазар нарадзіў Матана; Матан нарадзіў Якуба; 16Якуб нарадзіў Юзафа, мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Езус, званы Хрыстом.

17А ўсіх пакаленняў ад Абрагама да Давіда — чатырнаццаць, ад Давіда да бабілёнскага перасялення — чатырнаццаць, і ад бабілёнскага перасялення да Хрыста — чатырнаццаць пакаленняў.


Разважанні on Мц 1:1-17

Разважанне да Божага слова - 2025-12-17 Штодзённая малітва

Першая частка радаводу – ад Абрагама да Давіда; другая – ад Давіда да Бабілёнскай няволі; і трэцяя – ад няволі да Юзафа і Марыі. Вядома, гэта не поўная гісторыя. Усе імёны так ці інакш сустракаюцца ў Старым Запавеце. Згадваюцца чатыры жанчыны – Тамар, Рахаб, Рут і Марыя – кожная з іх сама па сабе цікавая асоба. У спісе таксама ёсць нямала тых, хто здзейсніў злачынствы, той жа Давід. Калі Сын Божы стаў чалавекам, ён сапраўды стаў адным з нас. Евангелле не спрабуе «ачысціць» яго паходжанне або членаў яго бліжэйшай сям’і. У шафе Езуса няма недахопу ў шкілетах. Ян сказаў праўду, калі напісаў: …Слова сталася целам і пасялілася між намі… (Ян 1:14)

Зноў жа, калі Езус цалкам уцелавіўся, каб перадаць пасланне Божай любові свету, то і мы павінны быць цалкам уцелаўлёнымі. Мы здрадзім свайму пакліканню, калі вырашым, што для таго, каб быць вернымі Езусу, мы павінны аддзяліць сябе ад матэрыяльнага і грэшнага свету. Мы не зможам быць «соллю зямлі», калі не будзем цалкам уключаны ў яе, аднак толькі пры ўмове, што мы таксама цалкам ідэнтыфікуем сябе з каштоўнасцямі і клопатамі Валадарства. Інакш будзем соллю без смаку.