Мц 15:21-28
21Выйшаўшы адтуль, Езус накіраваўся ў землі Тыра і Сідона. 22I вось, жанчына канаанская, выйшаўшы з тых ваколіц, крычала Яму: «Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда! Цяжка апанаваная злым духам дачка мая». 23Але Ён не адказаў ёй ні слова. Вучні Яго, падышоўшы, прасілі Яго: «Адпусці яе, бо яна крычыць услед за намі». 24 Ён жа адказаў: «Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля». 25Яна ж, падышоўшы, пакланілася Яму і сказала: «Пане, памажы мне!» 26Ён жа сказаў у адказ: «Нядобра забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам». 27Яна адказала: «Так, Пане! Але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх». 28Тады Езус сказаў ёй у адказ: «О жанчына, вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш». I з гэтага моманту дачка яе стала здаровай.
“Copyright © 2021 National Council of Churches of Christ in the United States of America. Used by permission. All rights reserved worldwide.”
Разважанні on Мц 15:21-28
Разважанне да Божага слова - 2026-08-16 Штодзённая малітва
Часта Бог быццам не адказвае на нашыя просьбы або прымушае чакаць. Тая “прастора”, якая ўтвараецца паміж нашай просьбай і яе спаўненнем – гэта не “пусты” ці дарэмны час, калі Бог нібы ігнаруе нас. Маўчанне Бога ўжо напоўнена Яго прысутнасцю, нават калі мы яе не адчуваем звыклым чынам. Гэта “тэст” глыбіні нашага жадання і адначасова праверка, наколькі тое, аб чым мы просім, гарманічна злучана з нашым шляхам да Бога, з нашым адшуканнем сябе ў Ім.
Не спяшаючыся задаволіць просьбу жанчыны, Пан Езус спасылаецца на прыярытэты сваёй місіі, але ў рэшце рэшт Яго пераконвае стаўленне маці, якая з болем і пакорай просіць за сваё дзіця. Прашу Пана аб здольнасці спалучаць засяроджанасць на галоўным з уменнем выйсці насустрач патрэбе бліжняга.