Мц 28:1-10

1Калі мінуў шабат, на світанні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу. 2І вось стаўся вялікі землятрус, бо анёл Пана, які сышоў з неба, падышоў, адсунуў камень і сеў на ім. 33Выгляд жа ягоны быў, як маланка, і адзенне ягонае было белае, як снег. 4Ад страху перад ім задрыжэлі вартаўнікі і сталі як мёртвыя. 5Анёл жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: «Не бойцеся! Ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. 6Яго тут няма, Ён уваскрос, як сказаў. Падыдзіце, пабачце месца, дзе быў пакладзены, 7ды ідзіце хутчэй, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос і апярэджвае вас у Галілеі. Там Яго ўбачыце. Гэта я сказаў вам». 8І, хутка адышоўшы ад магілы, са страхам і вялікай радасцю яны пабеглі паведаміць вучням Ягоным. Езус з’яўляецца жанчынам А Езус, выйшаўшы ім насустрач, сказаў: «Вітайце». Яны ж, падышоўшы, абнялі ногі Ягоныя і пакланіліся Яму. 10Тады Езус сказаў ім: «Не бойцеся. Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, там Мяне ўбачаць».


Разважанні on Мц 28:1-10

Разважанне да Божага слова - 2026-04-04 Штодзённая малітва

У світальным паўзмроку дзве жанчыны ідуць да магілы Езуса. Яны шукаюць памерлага, рыхтуюцца ўбачыць нежывое цела, наплакацца, аддаць пашану. Але яны шукаюць Езуса, якога няма! Калі жанчынам было абвешчана пра ўваскрасенне Езуса, яны задрыжалі ад страху і адначасова адчулі радасць. Гэта радасць глыбокая, выпакутаваная, якая перажыла выпрабаванне смерцю. Яны могуць адчуць пасхальную радасць, бо яны суправаджалі Езуса ў Яго пакутах.

Момант сустрэчы паміж Збаўцам свету і жанчынамі прасякнуты непараўнальнай пяшчотай, веліччу і пачуццём еднасці. Абедзве жанчыны не кажуць ніводнага слова, а кідаюцца да ног Езуса. Яны аддаюць найглыбейшую пашану сіле Жыцця і Любові. Ці памятаеш моманты, калі гэтая сіла адкрывалася ў тваім жыцці? Што ты хочаш сказаць Богу, жывому і прысутнаму тут і цяпер?