Мц 4:12-23

12Калі Езус пачуў, што Яна зняволілі, адышоў у Галілею. 13Пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Кафарнауме прыморскім, у межах Забулона і Нэфталія, 14каб збылося сказанае прарокам Ісаем, які кажа:

15«Зямля Забулонава і зямля Нэфталіева, на шляху марскім, за Ярданам, Галілея язычнікаў, 16народ, які сядзеў у цемры, убачыў святло вялікае, над жыхарамі краіны смяротнага ценю
заззяла святло».

17З таго часу Езус пачаў прапаведаваць і казаць: «Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».

18Калі Езус праходзіў каля Галілейскага мора, Ён убачыў двух братоў: Сымона, якога называлі Пятром, і ягонага брата Андрэя, якія закідвалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. 19І сказаў ім: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей». 20Яны ж адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі за Ім. 21Калі адтуль пайшоў далей, убачыў іншых двух братоў: Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія ў чоўне з бацькам іхнім Зэбэдэем ладзілі свае сеткі, і паклікаў іх. 22А яны адразу пакінулі човен і бацьку свайго і пайшлі за Ім.

23Езус хадзіў па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сінагогах іхніх і абвяшчаючы
Евангелле Валадарства. Ён лячыў усялякую хваробу і ўсялякую немач у
людзей.


Разважанні on Мц 4:12-23

Разважанне да Божага слова - 2026-01-25 Штодзённая малітва

Цёмныя хмары пачалі збірацца над Езусам. Яго сваяка і папярэдніка змусіў змоўкнуць мясцовы ўладар, а першыя паслядоўнікі Яна Хрысціцеля, такія як Пётр, Ян і іх браты, верагодна апынуліся таксама пад пагрозай арышту. Іх першых паклікаў Езус – звычайных людзей – да незвычайнай місіі. Такое пакліканне ўключала ў сябе рызыку тады і цалкам можа азначаць падобную рызыку цяпер для нас.