Мц 5:17-37

17Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць Закон ці Прарокаў. Не адмяніць прыйшоў Я, а выканаць. 18Бо сапраўды кажу вам: пакуль не міне неба і зямля, ніводная ёта, ніводная рыска не зменіцца ў Законе, пакуль не збудзецца ўсё. 19Таму, калі хто парушыць адну з гэтых найменшых запаведзяў і навучыць гэтаму людзей, той найменшым назавецца ў Валадарстве Нябесным. Хто ж выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Валадарстве Нябесным. 20 Бо кажу вам, калі справядлівасць ваша не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.

21Вы чулі, што было сказана продкам: “Не забівай”, а хто заб’е, падлягае суду. 22А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падлягае суду.
Хто ж скажа брату свайму “рака”, падлягае Сінэдрыёну, а хто скажа
“неразумны”, падлягае геене вогненнай. 23Таму, калі прынясеш дар свой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе, 24пакінь дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім, а тады прыйдзі і прынясі свой дар. 25Мірыся з праціўнікам тваім хутка, пакуль ты з ім яшчэ ў дарозе, каб праціўнік не аддаў цябе суддзі, а суддзя не аддаў цябе слугу, і каб не ўкінулі цябе ў вязніцу. 26Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошні грош.

27“Вы чулі, што сказана: “Не чужалож”. 28А Я кажу вам: кожны, хто з
пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю чужалоства ў сваім сэрцы. 29Калі правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе, бо лепей табе, калі загіне адзін з тваіх членаў, чым усё цела тваё будзе кінута ў геену., 30І калі правая рука твая спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе, бо лепей табе, калі загіне адзін з тваіх членаў, чым усё цела тваё пойдзе ў геену.

31Сказана: “Калі хто адпускае жонку сваю, няхай дасць ёй разводны ліст”. 32А Я кажу вам: кожны, хто развядзецца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны распусты, той даводзіць яе да чужалоства, а хто ажэніцца з разведзенаю, той чужаложыць.

33“Вы чулі, што сказана было продкам: “Не прысягай фальшыва, а выконвай
перад Богам прысягі свае”. 34А Я кажу вам: не прысягайце наогул: ні небам, бо гэта пасад Божы; 35ні зямлёю, бо гэта падножжа ног Ягоных; ні Ерузалемам, бо гэта горад вялікага Караля. 36Ні галавою сваёй не прысягай, бо не можаш ніводнага воласа зрабіць белым або чорным. 37Няхай будзе слова вашае “тактак”, “не-не”. А што звыш гэтага, тое ад злога.


Разважанні on Мц 5:17-37

Разважанне да Божага слова - 2026-02-15 Штодзённая малітва

Езус, як найлепшы Настаўнік, выкрываючы пасрэднасць і крывадушнасць фарысеяў, ставіць патрабаванні да сваіх вучняў. Ён не хоча знешняй, руціннай, павярхоўнай рэлігійнасці, абмежаванай сцвярджэннем: “У мяне ўсё добра, я нікога не забіваў”. Езус поўны міласэрнасці, але не паблажлівы. Ён хоча сапраўднага дабра сваім вучням і таму запрашае на глыбіню. Радыкальная прырода вучэння Езуса заключаецца ў любові, і па-сапраўднаму ідзе за Ім той, хто стараецца любіць. Езус ведае, што кожны будзе рабіць памылкі на гэтым шляху. Памолімся аб тым, каб Божая ласка дапамагала нам ісці за Хрыстом і прыкладам свайго жыцця прыцягваць іншых людзей на гэты шлях.