Ян 11:3-7,17,20-27,33-45
3Таму сёстры паслалі сказаць Езусу: «Пане, той, каго Ты любіш, хворы».
4Пачуўшы гэта, Езус сказаў: «Гэтая хвароба не вядзе да смерці, але да славы
Божай, каб Сын Божы праславіўся праз яе». 5Езус жа любіў Марту, яе сястру і Лазара. 6Пачуўшы, што той хварэе, заставаўся два дні на тым месцы, дзе знаходзіўся.
7Пасля гэтага сказаў вучням: «Пойдзем зноў у Юдэю».
17Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле. 20Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома. 21Тады Марта сказала Езусу: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой! 22Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе». 23Езус сказаў ёй: «Уваскрэсне брат твой». 24Марта сказала Яму: «Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрашэння ў апошні дзень». 25Езус сказаў ёй: «Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. 26А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?» 27Яна адказала Яму: «Так, Пане. Я веру, што Ты — Хрыстус, Сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет».
33Тады Езус, убачыўшы, што яна плача і што плачуць юдэі, якія
прыйшлі разам з ёю, сам глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся, ды сказаў: «Дзе вы
паклалі яго?» 34Яны адказалі: «Пане, ідзі і паглядзі». 35Езус заплакаў. 36Юдэі ж казалі: «Глядзі, як Ён любіў яго!» 37А некаторыя з іх сказалі: «Ці не мог Ён, які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?»
38Езус жа, ізноў глыбока ўзрушаны, ідзе да магілы. Была ж гэта пячора, і
камень ляжаў на ёй. 39Сказаў Езус: «Адсуньце камень!» Сястра памерлага,
Марта, кажа Яму: «Пане, ужо смярдзіць, бо чацвёрты дзень, як памёр!» 40Езус
сказаў ёй: «Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу
Божую?» Тады адсунулі камень. 41А Езус узняў вочы ўгару і сказаў: «Ойча,
дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. 42Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але
сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне». 43І,
сказаўшы гэта, крыкнуў моцным голасам: «Лазар, выйдзі вонкі!» 44І выйшаў
памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны
хусткаю. Кажа ім Езус: «Развяжыце яго і дазвольце яму хадзіць».
45Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго.
“Copyright © 2021 National Council of Churches of Christ in the United States of America. Used by permission. All rights reserved worldwide.”
Разважанні on Ян 11:3-7,17,20-27,33-45
Разважанне да Божага слова - 2026-03-22 Штодзённая малітва
У сённяшнім Евангеллі Лазар прадстаўляе ўсіх тых, хто вяртаецца да жыцця, жыцця ў Богу. Ён асабліва прадстаўляе ўсіх тых, хто прыведзены да новага жыцця праз хрост, прымаючы само жыццё ад Бога. Нам, ужо ахрышчаным, варта паразважаць пра тое, наколькі мы працягваем бачыць, як гэтае жыццё расце ў нас. Калі мы ў Духу, то прагнем напоўніцу аддаць сябе вышэйшым памкненням праўды, любові, спагады, дабрыні і справядлівасці. Калі мы напоўнены гэтым Духам, тады мы сапраўды ўваскрэслі з Хрыстом, бо Яго жыццё сапраўды дзейнічае ў нас. Мы і жывыя, і жыватворныя для іншых.