Ян 16:12-15

12Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але цяпер вам гэтага не знесці. 13Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, навучыць вас усёй праўдзе. Бо не ад сябе будзе прамаўляць, а будзе казаць вам тое, што пачуе, і будучыню абвесціць вам. 14Ён уславіць Мяне, бо ад Майго возьме і абвесціць вам. 15Усё, што мае Айцец, гэта Маё. Таму Я сказаў вам, што з Майго возьме і абвесціць вам.


Разважанні on Ян 16:12-15

Разважанне да Божага слова - 2026-05-13 Штодзённая малітва

Святы Дух – Дух Праўды, і вядзе нас да поўнай праўды пра тое, хто такі Езус, хто такі Бог, у чым Ягоная задума і дзе нашае месца ў ёй. Вучні не маглі прыняць паўнату гэтай праўды, і мы цяпер таксама не спасцігнем яе толькі розумам ці інтуіцыяй.
Адкрыццё паўнаты праўды доўжыцца цэлае жыццё. Калі здаецца, што мы ўжо нешта ведаем, прыходзіць новае, часта нечаканае адкрыццё: Бог адрозніваецца ад майго ўяўлення пра Яго. Магчыма, толькі на нябёсах мы даведаемся таямніцу адзінства Святой Тройцы і дзівосную працу Духа.
Пазнанне Бога не з’яўляецца вынікам адных нашых намаганняў. Гэта ласка, дар Святога Духа; можам прыняць гэты дар або ігнараваць яго.