Ян 4:43-54

43Праз два дні Езус выйшаў адтуль і пайшоў у Галілею. 44Бо сам Езус сведчыў, што прарок не мае пашаны на сваёй бацькаўшчыне. 45Калі ж прыйшлі ў Галілею, то галілейцы прынялі Яго, убачыўшы ўсё, што Ён зрабіў у Ерузалеме на свята, бо і яны хадзілі на свята.

46Так Езус зноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе перамяніў ваду ў віно. І быў адзін прыдворны, у якога хварэў сын у Кафарнауме. 47Пачуўшы, што Езус прыбывае з Юдэі ў Галілею, ён пайшоў да Яго і прасіў прыйсці і вылечыць ягонага сына, які паміраў. 48Езус жа сказаў яму: «Калі не ўбачыце знакаў і цудаў, не паверыце». 49Прыдворны кажа Яму: «Пане, прыйдзі, пакуль не памерла дзіця маё». 50Езус адказаў яму: «Ідзі, сын твой жывы». Чалавек паверыў слову, якое сказаў яму Езус, і пайшоў. 51Калі быў яшчэ ў дарозе, слугі ягоныя сустрэлі яго і сказалі, што сын ягоны жыве. 5252 Тады распытваў іх, у якую гадзіну яму палепшала? Яму сказалі: «Учора а сёмай гадзіне гарачка пакінула яго». 5353 Тады бацька зразумеў, што гэта была тая самая гадзіна, калі Езус сказаў яму: «Жыве сын твой». І паверыў ён сам і ўвесь дом ягоны. 54Гэта быў другі знак, які ўчыніў Езус, калі прыйшоў з Юдэі ў Галілею.


Разважанні on Ян 4:43-54

Разважанне да Божага слова - 2026-03-16 Штодзённая малітва

Для Бога няма межаў часу, прасторы, чалавечых лімітаў. Езус выразна дэманструе гэта, аздараўляючы сына прыдворнага, які верыць Яго слову і атрымлівае цуд. Успомні моманты, калі Бог умацоўваў цябе, умацоўваў тваю веру. Прынясі у малітве сітуацыі, якія табе здаюцца безнадзейнымі, немагчымымі для перамены. Паспрабуй зноў зірнуць на іх разам з Езусам.
“Сын твой жывы”, – кажа Езус. Уяві, што гэта за навіна для бацькі. Езус вяртае жыццё. Ён ёсць жыццё. Ці прымаеш ты Яго слова, як прыдворны? Езус хоча ісці з табой сцежкамі тваёй Галілеі. Запрасі Яго ў сваё паўсядзённае жыццё.