Ян 5:1-3,5-16

1Пасля гэтага было юдэйскае свята, і Езус прыйшоў у Ерузалем.

2Ёсць жа ў Ерузалеме каля Авечай брамы купальня, якая па-габрэйску называецца Бэтэзда і якая мае пяць портыкаў. 3У іх ляжала мноства хворых, сляпых, кульгавых, паралізаваных. 5Быў там адзін чалавек, які хварэў трыццаць восем гадоў. 6Езус, убачыўшы яго ляжачым і пазнаўшы, што ён хварэе ўжо доўгі час, сказаў яму: «Хочаш стаць здаровым?» 7Хворы адказаў Яму: «Пане, я не маю чалавека, які апусціў бы мяне ў купальню, калі ўзварушыцца вада. Пакуль я іду, іншы ўжо сыходзіць перада мною». 8Кажа яму Езус: «Устань, вазьмі насілкі свае і хадзі». 9І адразу выздаравеў той чалавек, узяў насілкі свае і пайшоў.

А быў у гэты дзень шабат.

10Таму сказалі юдэі аздароўленаму: «Сёння шабат, і табе не дазваляецца браць ложа тваё». 11Ён адказаў ім: «Той, хто аздаравіў мяне, сказаў мне: “Вазьмі ложа сваё і хадзі”». 12Спыталіся ў яго: «Хто той чалавек, які сказаў табе: “Вазьмі і хадзі?”»13Але аздароўлены не ведаў, хто гэта, бо Езус знік у натоўпе, які быў у тым месцы. 14 Пасля таго знайшоў яго Езус у святыні і сказаў яму: «Вось, ты выздаравеў. Не грашы больш, каб нездарылася з табою чаго горшага». 15Чалавек гэты пайшоў і абвясціў юдэям, што гэта Езус аздаравіў яго. 16І таму юдэі пераследавалі Езуса, бо Ён зрабіў гэта ў шабат.


Разважанні on Ян 5:1-3,5-16

Разважанне да Божага слова - 2025-04-01 Штодзённая малітва

Той факт, што Езус спытаўся ў хворага, ці хоча ён вылечыцца, паказвае вялікую чуласць. Пражыўшы ў недзеяздольнасці амаль сорак гадоў, ён сутыкнецца са шматлікімі значнымі зменамі ў сваім жыцці, калі раптам выздаравее. Мы павінны быць асцярожнымі з тым, аб чым просім у малітве. За просьбай Езуса ў Аліўным садзе кожны раз гучала: «Няхай будзе не Мая, а Твая воля». Будзем прасіць Бога, каб даў нам тое, што на Яго думку лепшае для нас.

Тагачасныя рэлігійныя лідэры прынялі шмат законаў, якія, як яны сцвярджалі, прызначаны былі шанаваць Бога, але на самой справе давалі ім уладу і кантроль над жыццём людзей. Езус, ведаючы іх крывадушнасць, праігнараваў такія законы. Чалавечыя законы заўсёды павінны грунтавацца на любові і спачуванні дзеля агульнага дабра. У маіх адносінах з іншымі ці стаўлю я чалавечыя законы вышэй за дабро іншых? Ці ахінаю справядлівасць міласэрнасцю?