Ян 6:22-29

22На наступны дзень натоўп, які заставаўся на другім беразе мора, заўважыў, што там быў толькі адзін човен і што Езус не сядаў у човен разам з вучнямі, а яны адплылі адны. 23Таксама іншыя чаўны прыплылі з Тыберыяды непадалёк ад таго месца, дзе спажывалі хлеб, калі Пан узнёс падзяку. 24Калі натоўп убачыў, што там няма ні Езуса, ні вучняў Ягоных, селі ў чаўны і прыплылі ў Кафарнаум, шукаючы Езуса.

25 Калі ж знайшлі Яго на другім беразе мора, сказалі Яму: «Раббі, калі Ты прыбыў сюды?» 26Езус адказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: шукаеце Мяне не таму, што бачылі знакі, а таму, што з’елі хлеб і насыціліся. 27Дбайце не пра ежу, якая гіне, але пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае, якую дасць вам Сын Чалавечы, бо Яго пазначыў Бог Айцец!» 28А яны сказалі Яму: «Што нам рабіць, каб выконваць справы Божыя?» 29Езус адказаў ім: «У тым справа Божая, каб вы верылі ў таго, каго Ён паслаў».


Разважанні on Ян 6:22-29

Разважанне да Божага слова - 2026-04-20 Штодзённая малітва

Людзі настойліва шукаюць Езуса. Яны сустрэлі Яго, зведалі Яго шчодрасць, і калі Ён знік з іх вачэй, намагаюцца знайсці Яго. Ці хацеў бы пакінуць Езуса той, хто з Ім сустрэўся? Хіба толькі той, хто не пазнаў Яго. Езус дакарае людзей за тое, што яны шукаюць Яго не дзеля знакаў, якія Ён здзяйсняе, а дзеля хлеба, які яны елі, пакуль не насыціліся. Такая спакуса можа трапіцца кожнаму верніку. Стаўленне да Бога выключна як да гарантыі дабрабыту можа перашкодзіць нам успрымаць сапраўдныя знакі Яго дзеяння. З якімі чаканнямі ты звычайна прыходзіш да Бога ў малітве?
Штодзённы пошук знакаў Божай прысутнасці мае паглыбляць у нас веру ў Яго і давер да Яго. Падумай, наколькі ты насамрэч прагнеш гэтай пастаяннай блізкасці з Богам.