Ян 6:51-58

51Я — хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе спажываць гэты хлеб, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, — гэта Цела Маё дзеля жыцця свету».

52Юдэі спрачаліся паміж сабою, кажучы: «Як Ён можа даць нам есці сваё цела?» 53Езус жа сказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. 54Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. 55Бо Цела Маё — праўдзівы спажытак, а Кроў Мая – праўдзівы напой. 56Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, трывае ўва Мне, а Я ў ім. 57Як паслаў Мяне Айцец, які жыве, а Я жыву прaз Айца, так і той, хто спажывае Мяне, будзе жыць праз Мяне. 58Гэта той хлеб, які сышоў з неба, а не той, які елі айцы вашыя і памерлі. Хто спажывае гэты хлеб, будзе жыць навекі».


Разважанні on Ян 6:51-58

Разважанне да Божага слова - 2026-06-07 Штодзённая малітва

У Евангеллі хапае прыкладаў таго, як “прыстойныя людзі” абураюцца стаўленнем Езуса: Ён ідзе да мытнікаў, здраднікаў, да тых, хто жыве ў граху. Таму Езуса так лёгка абвінавачваюць: “Ён не можа быць ад Бога. Бог такога не гаворыць!” Як жа часта, дагэтуль, людзі лепш за Бога ведаюць, як і з кім Ён павінен гаварыць, а з кім не.

Пакліканне Мацвея дэманструе, што Бог лепш ведае нашы сэрцы, не грэбуе грэшнікамі, а любіць іх. Тое, як мы асуджаем (ці схільныя асуджаць) іншых людзей у святле этыкі, маралі і прынятых звычаяў, кажа аб тым, што мы заўважылі толькі маленечкую частку таго, што адбываецца з чалавекам на самай справе. Немагчыма пазбавіць яго тытула Божага дзіцяці, але, на сваю бяду, мы часам марнуем на гэта свае сілы.

Прасі Езуса паказаць табе праўду пра чалавека, каб нікога не асуджаць, а навучыцца любіць тых, каго любіць Езус.